У бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі (БХМД) ў Гродне з 1 траўня павінны былі пачаць аказваць платныя паслугі ў выхадныя дні. Гэта адбываецца ў межах дзяржаўнага эксперыменту. Але самой бальніцы інфармацыю пра гэта «не даводзілі», расказалі там карэспандэнту Hrodna.life. Мы паспрабавалі даведацца, якія платныя паслугі можна атрымаць у выхадныя.

У Беларусі пачаўся эксперымент: у дзяржаўных установах аховы здароўя медыцынскія паслугі звыш аб’ёму гарантаванай дзяржавай бясплатнай дапамогі будуць аказваць платна па выхадных. У Гродне месцам такога эксперыменту выбралі гарадскую клінічную бальніцу хуткай медыцынскай дапамогі. Эксперымент мае працягнуцца з 1 мая 2022 да 1 мая 2023, напісана ў Пастанове Савета міністраў.

Карэспандэнтка Hrodna.life патэлефанавала ў аддзяленне платных медыцынскіх паслуг БХМД як патэнцыйны пацыент. «Інфармацыю аб аказанні платных паслуг нам не даводзілі», — адказалі ёй і 3, і 6 траўня.

Платныя паслугі ў выхадныя, згодна з Пастановай урада, павінны адносіцца да «планавай першаснай, спецыялізаванай, высокатэхналагічнай медыцынскай дапамогі». Нам не ўдалося даведацца, што гэта за паслугі.

Дзе пройдзе эксперымент і якія ёсць выключэнні

Пастанову аб эксперыменце з платнымі медпаслугамі ў выхадныя дні апублікавалі 29 красавіка 2022 года на Нацыянальным прававым партале.

Згодна з дакументам, эксперымент пройдзе ў 18 розных медычных установах: усіх абласных шпіталях (толькі ў Гродне замест абласнога шпіталя выбрана БХМД), частцы раённых (у тым ліку ў Астраўцы Гродзенскай вобласці) і ў некаторых навукова-практычных цэнтрах.

Выбраныя медустановы будуць аказваць платныя медыцынскія паслугі ў дзяржаўныя святы, непрацоўныя святочныя дні і ў выхадныя па жаданні грамадзян. Паслугі павінны адносіцца да «планавай першаснай, спецыялізаванай, высокатэхналагічнай медыцынскай дапамогі». Выключэнні - медыцынскія паслугі дзецям і трансплантацыі органаў і тканак. Экстраная дапамога, да прыкладу, уваходзіць у аб’ём гарантаванай дзяржавай бясплатнай медыцынскай дапамогі і застанецца бясплатнай.

Што будзе, калі эксперымент скончыцца?

Пасля заканчэння эксперыменту да 1 ліпеня 2023 года Міністэрства аховы здароўя будзе аналізаваць вынікі і перадасць у Савет Міністраў свае прапановы па ўдасканаленні платных медыцынскіх паслуг грамадзянам Беларусі ў дзяржаўных установах.