Шасціметровы драўляны крыж цяпер стаіць на кургане ў Лідскім раёне каля вёскі Станкевічы. Яго відаць з дарогі і ўсіх ваколіцаў. «Як мінімум, велічна і прыгожа», — кажуць актывісты, якія яго паставілі.

Крыж усталявалі актывісты з Гродзеншчыны. Яны кажуць, што гэта аднаўленне, бо крыж тут стаяў яшчэ да бальшавіцкіх часоў, а потым яго знеслі. На гэтым полі адбылася бітва паўстанцаў з расійскімі войскамі. І па легендзе, у кургане знаходзіцца пахаванне загінулых паўстанцаў. Пра гэта актывістам расказалі мясцовыя жыхары, а яны спраўдзілі інфармацыю ў гісторыкаў.

— Гісторыкі, краязнаўцы шукаюць памятныя мясціны, звязаныя з Каліноўскім на паперах, у архівах. І калі папяровая праца зробленая, другі этап — актывісты, каторыя лічаць за гонар захоўваць памяць пра герояў, якія загінулі за незалежнасць нашай краіны, бяруць рыдлёўкі і ўсталёўваць памятныя крыжы на тых месцах, — кажа Вітольд Ашурак з Бярозаўкі.

У планах — афіцыйнае адкрыццё і асвячэнне помніка. Тады ж на ім з’явіцца і шыльда.

Актывісты ўсталёўваюць крыжы не першы раз. Некаторыя з іх ужо спілавалі. Агулам, кажуць актывісты, можна ўсталяваць да 500 крыжоў у памятных месцах.

— Я абсалютна перакананы, што без памяці няма ні будучыні, ні перспектывы. На сённяшні дзень беларуская дзяржава не ўшаноўвае памяць тых герояў, якія ляжаць на нашай зямлі - паўстанцаў Каліноўскага, паўстанцаў іншых вызваленчых паўстанняў. Таму гэтую функцыю на сябе бярэ грамадства. Мы з уласнай ініцыятывы шукаем гэтыя месцы, шукаем магчымасці, каб аднавіць помнікі, крыжы на месцах баёў, магіл нашых герояў, — кажа Вадзім Саранчукоў з Гродна.

— І было бы добра, калі гэтыя месцы стануць месцамі для турыстычных маршрутаў. Перадусім хацелася б, каб сюды прыязджалі школьнікі, каб дзеці з самага маленства станавіліся грамадзянамі, — дадае Сяргей Верамеенка.