У Гродна прыязджаў праект «Страна для жизни». Аўтары праекта прапанавалі стварыць падобныя супольнасці ў рэгіёнах, каб абмяркоўваць праблемы і шукаць шляхі іх вырашэння. Для абмеркавання выкарыстоўваюць чат у тэлеграме і збіраюцца на афлайнавыя сустрэчы.

— Мы проста падумалі, што калі краіна для жыцця будуецца, вы ж не са ўсёй краінай узаемадзейнічаеце, а з тымі людзьмі, якія знаходзяцца побач з вамі. Гэта дапаможа знаходзіць аднадумцаў, камунікаваць, рабіць сумесныя праекты. Знайсці людзей, якія хочуць зрабіць нешта добрае для горада, свайго раёна, — у гэтым увесь сэнс. Напрыклад, разам яны потым могуць пайсці на выбарчыя ўчасткі назіральнікамі, — распавядае Сяргей Ціханоўскі, аўтар праекта. Ён кажа, што ў свой час яму было складана знайсці аднадумцаў.

Тэмы для абмеркавання розныя. Людзі дзеляцца сваімі праблемамі і думаюць, як іх вырашыць. У супольнасці ёсць актывісты, якія падкажуць удзельнікам, як вырашыць праблему. Да таго ж, лічаць актывісты, важна прывучаць людзей да самаарганізацыі.

— Мы павінны ведаць адзін аднаго і праблемы адзін аднаго, — кажа актывіст Сяргей Верамеенка. — Мы можам дапамагчы іншым. Магчыма, гэта перарасце ў нешта большае. У любым выпадку, актыўныя людзі павінны быць разам.

«Страна для жизни» — праект блогера Сяргей Ціханоўскага. Вось як ён сам апісвае свой канал: «Ідэі для бізнесу, прапановы і захапляльныя гісторыі - тое, што ніколі не пакажуць на ТБ у Беларусі, — глядзіце кожны тыдзень на канале Страна для жизни».

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт [email protected]