На «Гродна Азот» усталёўваюць няпоўны працоўны тыдзень. Як напісана ў загадзе, гэта адбываецца «ў сувязі з часовым скарачэннем аб’ёмаў вытворчасці». Такі дакумент ад 16 красавіка 2020 года трапіў у адзін з тэлеграм-каналаў Гродна. На прадпрыемстве пацвярджаюць інфармацыю.

З 18 красавіка супрацоўнікі працуюць з выходнымі ў суботу, нядзелю і адным непрацоўным днём, каб забяспечваць бесперабойную працу падраздзяленняў. Пераводзяць На чатырохдзёнку 96 падраздзяленняў.

Заробак ім цяпер плацяць за фактычна адпрацаваны час або выкананую працу. Звышурочку будуць кампенсаваць іншым непрацоўным днём. Калі работнікі будуць нязгодныя, з імі скасуюць кантракт.

Таксама пакуль абмяжуюць прыём на вакансіі рабочых і служачых.

На прадпрыемстве інфармацыю пацвярджаюць. Пакуль не робяць прагнозаў, колькі гэта працягнецца. Замежныя партнёры закупляюць прадукцыю, але не ў ранейшых маштабах. Як кажуць на прадпрыемстве, гэта звязана «з негатыўнай сітуацыяй на рынку капралактаму і прадуктаў яе перапрацоўкі».

Як распавядаюць на прадпрыемстве, частка работнікаў працуе на чатырохдзённым працоўным тыдні. На пяты дзень прадастаўлены сацыяльны адпачынак з аплатай 2/3 тарыфнай стаўкі. Гэта датычыцца ў тым ліку падраздзяленняў, якія займаюцца рамонтам цэхаў, дапаможных цэхаў, заводакіраўніцтва і адміністрацыі прадпрыемства. Цяпер разглядаецца варыянт пераводу работнікаў на чатырохдзёнку, пры якім пяты дзень будзе неаплатным.

— Многае залежыць ад пастаўшчыкоў і партнёраў, з якімі мы працуем, у тым ліку і за мяжой. Мы экспартуем большую частку выпускаемай прадукцыі. Таму ўсё будзе залежаць ад таго, як будзе працаваць рынак і як будзе развівацца пандэмія каранавіруса. Як толькі нашы партнёры за мяжой будуць гатовыя ў поўным аб’ёме браць усё, што мы вырабляем, то мы адразу ж вернемся на поўны працоўны тыдзень, — тлумачылі раней на прадпрыемстве. У выпадку паляпшэння сітуацыі на рынку прадпрыемства вернецца ў звычайны рэжым працы.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт [email protected]