Гродзенская вобласць не забяспечыла будаўніцтва запланаванага жылля ў 2015−2018 гадах, паведамляюць спецыялісты дзяржкантролю. А гэта — адна з асноўных задач дзяржаўнай праграмы «Будаўніцтва жылля» на 2016−2020 гады. Акрамя таго, у 2019-м у Гродне, Смаргоні і Астраўцы фіксавалі парушэнні нарматыўных тэрмінаў узвядзення шматкватэрных дамоў, паведамляе sb.by.

У 2019 годзе шэсць аб’ектаў «Гроднажылбуд» узвёў са спазненнем на тэрміны да 3 месяцаў. Прычына — недахоп абаротных сродкаў і зніжэнне попыту на рынку нерухомасці. Каб фармальна выканаць устаноўленыя тэрміны, забудоўшчыкі выкарыстоўваюць практыку прыпынення будаўніцтва дамоў.

Увод па трох аб’ектах перанесены на бягучы год. Таксама са спазненнем выконваюцца асобныя віды работ, перанесеныя на спрыяльны перыяд года. У ААТ «Гроднажылбуд» выяўлена несвоечасовае выкананне падрадчыкам сезонных работ па 14 жылых дамах.

Беларусы скардзяцца ў Камітэт дзяржкантролю вобласці. Шмат скаргаў паступіла на падрадчыка «Гроднааблсельбуд» і яго даччыныя арганізацыі. Некаторыя праблемы вырашылі толькі пасля ўмяшання КДК.

Дзясяткі шматдзетных сем’яў не ўсяліліся ў кватэры

У Свіслацкім раёне 84 сям'і прэтэндуюць на паляпшэнне жыллёвых умоў. У райцэнтры планавалі пабудаваць 56-кватэрны жылы дом, аднак крэдытныя лініі для будучых навасельцаў-ільготнікаў так і не адкрылі. Павольна прасоўваецца і індывідуальнае будаўніцтва: за мінулы год усяго 2 шматдзетныя сем'і ўсяліліся ва ўласныя дамы, яшчэ 2 купілі жыллё на другасным рынку. Большасць чакае кватэр.

Здача ў эксплуатацыю 56-кватэрнага дома дазволіць вырашыць гэтую праблему 42 сем’ям. З-за непрыняцця своечасовых мер па распрацоўцы праектна-каштарыснай дакументацыі планы не ажыццявіліся, паведаміла Наталля Жур, начальнік упраўлення кантролю за працай галін гаспадаркі Камітэта дзяржкантролю па Гродзенскай вобласці. Будаўніцтва шматкватэрных жылых дамоў у Свіслачы не ажыццяўлялася з 2016 года.

Як вырашаць праблему?

Будаўніцтва шматкватэрнага дома ў Свіслачы перанесена на бягучы год, паведаміў Юрый Халімоненка, першы намеснік старшыні камітэта па архітэктуры і будаўніцтву Гродзенскага аблвыканкама. Усяго ж у 2020 годзе ў Гродзенскай вобласці запланавана пабудаваць не менш за 415 тысяч квадратных метраў жылля.