Гродзенскі прыхільнік Ціханоўскіх Дзмітрый Фурманаў паведамляе, што ўжо амаль два тыдні не можа спакойна выйсці на вуліцу. Ён упэўнены, што за ім сочаць супрацоўнікі міліцыі. Гродзенец звязвае гэта са сваёй актыўнай грамадзянскай пазіцыяй.

Людзі, падобныя да міліцыянтаў, пачалі дзяжурыць каля дома Фурманава 8 траўня. Тады па ўсёй краіне праходзілі масавыя затрыманні прыхільнікаў блогера Сяргея Ціханоўскага. Актывіст паведамляе, што спачатку ў пад’ездзе дзяжурылі людзі ў цывільным, а пасля каля дома стаў з’яўляцца белы УАЗ.

«За апошні час жыццё маё змянілася кардынальна — цяпер я проста не магу выйсці з дому. Ведаю, што апынуся ў ІЧУ, як і іншыя нашы актывісты, — кажа Дзмітрый. — За тое, што я распавёў праўду Ціханоўскаму? А я ж паказаў праблемы нашага горада, якія зараз спрабуе вырашыць Мечыслаў Гой (старшыня Гродзенскага гарвыканкама — рэд.), але пакуль беспаспяхова. Мабыць, камусьці не падабаецца, што людзі сталі актыўна карыстацца сваім правам на свабоду выказвання меркаванняў, вось і спрабуюць запалохаць».

Праблемы Гродна, пра якія Фурманаў распавёў блогеру Ціханоўскаму (больш за дзясятак адказаў на іншыя свае пытанні ён ужо атрымаў ад гарадскіх уладаў):

  • Рух падаткаў з рэгіёну ў цэнтр і назад;
  • Зніжэнне заробкаў у сістэме адукацыі;
  • Паборы ў школах і садках;
  • Асвятленне вуліц у цёмны час сутак;
  • Знос дачных участкаў ля «Азота», у раёне ліній электраперадач;
  • Небяспечныя слупы і плітка на тратуары (каля «Прыорбанка», БСМП);
  • Рашэнне аб абмежаванні прыёму грамадзян чыноўнікамі.

Тэлефанаваў участковы

Дзмітрый — адміністратар чата «Гродно для жизни» ў Telegram. У ім больш за 1000 удзельнікаў. Таксама Дзмітрый уступіў у ініцыятыўную групу па вылучэнні кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай. Яго прызначылі каардынатарам па Гродне.

«Пакуль я дома, але ў бліжэйшы час мне давядзецца ўсё-такі выйсці за пасведчаннем па ініцыятыўнай групе. Затрымаюць мяне ці не — пытанне. Пакуль я быў дома, з дзяўчынай сабралі на краўдфандынгу 1000 рублёў на дапамогу затрыманым актывістам. Таксама я рабіў ахоўныя экраны і камбінезоны для медыкаў», — дадаў актывіст.

20 траўня Дзмітрыю патэлефанаваў мужчына, які прадставіўся ўчастковым інспектарам Гурыным з Кастрычніцкага РАУС Гродна. Ён паведаміў, што ў дачыненні да актывіста ўзбуджана адміністрацыйная справа па артыкуле 23.34 (удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве) і запрасіў на размову. Фурманаў адмовіўся сустракацца, запатрабаваў выклікаць яго ў міліцыю пісьмовай позвай. У той жа дзень сам блогер Сяргей Ціханоўскі пасля вызвалення заклікаў міліцыю і ўлады Гродна спыніць пераслед Фурманава.

21 траўня карэспандэнт Hrodna.life не ўбачыў каля дома і ў пад’ездзе Дзмітрыя супрацоўнікаў міліцыі або падазроных людзей.
Пакуль рэдакцыя рыхтавала гэты тэкст, Дзмітрыю Фурманаву прыйшло паведамленне ад імя ўчастковага інспектара міліцыі Андрэя Пігульскага. Актывісту прапаноўваюць з’явіцца 22 траўня ў Ленінскі РАУС для азнаямлення з пратаколам аб адміністрацыйным правапарушэнні.

Колькі людзей затрымалі ў Гродне за сустрэчу з Ціханоўскім?

Амаль усіх затрымалі каля дома або на працоўным месцы 8 траўня.

  • Васіль Калач асуджаны на 5 сутак арышту, выйшаў 13 траўня;
  • Яўген Рэзнічэнка — 5 сутак, выйшаў 13 траўня;
  • Алена Сахарчук — 6 сутак, выйшла 14 траўня;
  • Юрый Шока — 7 сутак, выйшаў 15 траўня;
  • Аляксандр Лаўрэнцьеў - 7 сутак (+ 2 неадбытых), выйшаў 17 траўня.