У рэдакцыю Hrodna.life перадалі альбом гродзенскай сям'і, у якім каля 100 фотаздымкаў 1930−40-х. Гродзенец Сяргей купіў яго на блышыным рынку ў Беластоку. Каму ён належаў раней, мужчына не ведае.

У фотаальбоме шмат партрэтных здымкаў, але ёсць і фатаграфіі людзей на фоне будынкаў у Гродне. Напрыклад, на фоне вежы ў Румлёва. Старыя фота гэтай вежы — вялікая рэдкасць. Ёсць фатаграфіі ў гарадскім парку, на фоне аптэкі і Гарнізоннага касцёла (Фары Вітаўта).

Чытайце таксама: Гродна і гродзенцы: публікуем чарговы фотаархіў гараджан 1930−40-х гадоў

«Я раней калекцыянаваў фатаграфіі і гэты альбом убачыў на барахолцы ў Беластоку, — распавядае Сяргей. — Забраў яго, палічыў, што ён павінен быць у Гродне. Прадавец сам не ведаў, каму належаў альбом раней. Яму яго перадалі».

У рэдакцыі Hrodna.life лічаць, што альбом мог належаць сям'і рэпатрыянтаў з Гродна, якія ў пасляваенныя гады з’ехалі ў Польшчу.

Зараз альбом у рэдакцыі. Калі эпідэміялагічная сітуацыя палепшыцца, яго зможа паглядзець любы ахвотны. Мы разлічваем, што хто-небудзь з чытачоў пазнае людзей на фотаздымках і раскажа нам больш.

Дзякуючы чытачам сёння ў нас ужо некалькі сотняў старых фотаздымкаў Гродна і гродзенцаў. У будучыні яны могуць стаць экспанатамі якога-небудзь гарадскога музея.

Чытайце таксама: