Украіна прыпыніла падрыхтоўку да трэцяга Форуму рэгіёнаў Украіны і Беларусі, які павінен прайсці 8−9 кастрычніка ў Гродне. Пра гэта паведаміў кіраўнік МЗС Дзмітрый Кулеба ў інтэрв'ю агенцтву УНП.

«Падрыхтоўка да форуму пастаўлена на паўзу», — сказаў ён.

Пры гэтым Кулеба удакладніў, што мерапрыемства пакуль не адменена.

«Навошта адмяняць? Мы ж не ведаем, якой заўтра будзе сітуацыя. Тут трэба займаць вельмі ўзважаны падыход, прынцыповы, але ўзважаны. Менавіта такі падыход мы рэалізуем. Беларусь ніколі не ўяўляла для нас пагрозы. Мы ніколі не ўяўлялі пагрозы для Беларусі. Таму ў нас склаліся сяброўскія, вельмі глыбокія адносіны на ўсіх узроўнях. Таму мы ні ад чаго не адмаўляемся», — растлумачыў міністр.

Ён дадаў, што падрыхтоўка да форуму прыпыненая да моманту ўстанаўлення больш зразумелай для Украіны сітуацыі ў Беларусі. «Усё ставім на паўзу да таго моманту, пакуль не ўбачым тую новую рэальнасць, з якой нам давядзецца мець справу ў Беларусі», — сказаў Кулеба.

Нагадаем, другі форум рэгіёнаў Украіны і Беларусі адбыўся 4 кастрычніка мінулага года ў Жытоміры. На ім былі падпісаны два міжурадавыя пагадненні і 15 пагадненняў аб міжрэгіянальным супрацоўніцтве.

Тады ж упершыню сустрэліся Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі і яго беларускі калега Аляксандр Лукашэнка.