Аляксандр Лукашэнка сабраў нараду па пытаннях распрацоўкі супрацьвірусных вакцын і лакалізацыі вытворчасці замежных вакцын, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Лукашэнка адзначыў, што сёння ўвага ўсяго свету засяроджаная на адной праблеме — ліквідацыі ўспышкі пандэміі COVID-19. Для гэтага ва ўсіх краінах прымаюцца беспрэцэдэнтныя меры, і Беларусь не выключэнне. Пры гэтым ён звярнуў увагу, што ў краіне змагаюцца з распаўсюджваннем каронавіруса «спакойна, як належыць, захаваўшы сістэму аховы здароўя».

«У апошнія два тыдні мы рэгулярна разглядаем пытанні арганізацыі выяўлення і лячэння ў краіне хворых з каранавіруснай інфекцыяй. Я запрасіў вас для таго, каб абмеркаваць наступны этап супрацьстаяння глабальнай хваробы — масавую вакцынацыю насельніцтва ў мэтах выпрацоўкі так званага калектыўнага імунітэту», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

У краіне зараз абмяркоўваюць магчымасць вытворчасці замежнай вакцыны ад каранавіруса. Акрамя таго, беларускія навукоўцы нацэлены на стварэнне ўласнага прэпарата.

«Аднак незалежна ад таго, ці выйдзем мы на вытворчасць вакцыны ў разумныя тэрміны або не, хачу, каб грамадства ведала — краіна будзе забяспечана вакцынай, і кожны жадаючы зможа мець да яе свабодны доступ», — запэўніў Лукашэнка.