На сайце выдання нібыта знайшлі публікацыю з рэпостам тэлеграм-канала, які прызнаны ў Беларусі экстрэмісцкім. Праверку праводзіць мясцовае аддзяленне міліцыі, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Галоўнага рэдактара «Газеты Слонімскай» Мікалая Канановіча 7 красавіка выклікалі на апытанне. На наступным тыдні Мікалая зноў выклікаюць у міліцыю.

Друкаваная версія газеты не выходзіць з восені 2020, калі ў рэдакцыі адбыўся ператрус і была канфіскавана тэхніка. 9 лістапада следчыя ўчынілі ператрус дома у тагачаснай галоўнай рэдактаркі «Газеты Слонімскай» Ганны Валадашчук. Яна з’ехала з Беларусі, баючыся крымінальнага пераследу.

Па падобнай справе 19 сакавіка пакаралі штрафам у 12 000 рублёў рэдакцыю Hrodna.life і галоўнага рэдактара Аляксея Шоту. Рэдакцыя будзе абскарджваць рашэнне суда.

«Газета Слонімская» — штотыднёвае грамадска-палітычнае выданне, якая выходзіць у Слоніме. Упершыню выйшла ў 1938 г., адроджаная ў красавіку 1997 года, распаўсюджваецца праз уласную сістэму. Уваходзіць у Асацыяцыю выдаўцоў рэгіянальнай прэсы «Аб'яднаныя Масмедыі».