Адкрыццё мотасезона-2021 ў Гродне прайшло не так, як у папярэднія гады. У мотакалоне, якая праехала па вуліцах горада, з байкерамі ішлі таніраваныя мікрааўтобусы, на якіх у апошні час перамяшчаўся АМАП. Арганізатары папярэдніх байк-фестываляў растлумачылі: мотаклубы Беларусі адмовіліся супрацоўнічаць з уладай пасля падзей у жніўні 2020 года. Яны асудзілі тых, хто прыняў удзел у мотапрабегу.

У 2021 годзе мотаклубы Беларусі праігнаравалі адкрыццё мотасезона: на адкрыццё прыехала ўсяго 200 байкераў.

 — Наш клуб «Насарогі» заўсёды сам на добраахвотных пачатках арганізоўваў адкрыццё. Гэта ніколі не было ініцыятывай уладаў. Мы самі ішлі, яшчэ калі мы былі ў нармальных адносінах з уладай — самі арганізоўвалі, аплачвалі. Але пасля таго, што адбываецца з 9 жніўня ў нашай краіне, мы не гатовыя ісці ні на якое супрацоўніцтва ні з якімі прадстаўнікамі ўладаў. Тым больш, прадстаўнікамі сілавога блока, якія цалкам сябе дыскрэдытавалі, зганьбілі гонар мундзіра. Гэта я кажу як кадравы афіцэр, хоць і ў запасе. Таму клубы Беларусі не плануюць праводзіць ніякія мерапрыемствы, якія патрабуюць узгаднення з уладамі, — распавёў Hrodna.life адзін з арганізатараў фестываляў мінулых гадоў Павел «Мацвей» Мацвееў.

байкеры Гродно, Носороги, Павел Матвеев на фестивале "Хавайся ў бульбу"-2019. Фото: Елена Ковальчук
Павел Мацвееў на фестывалі «Хавайся ў бульбу"-2019. Фота: Алена Кавальчук

«Раней нашых сяброў-байкераў не збівалі»

Адкрыццё мотасезона і традыцыйны байк-рок-фестываль «Хавайся ў бульбу» раней праходзілі пры падтрымцы гарвыканкама. Байкеры дамаўляліся з гродзенскімі ўладамі, таму што ў іх не было такіх прэтэнзій, якія ўзніклі пасля жніўня 2020 года.

«Раней нашых сяброў-байкераў не збівалі, не саджалі, не расстрэльвалі ва ўпор», — кажа Павел (байкерам быў Генадзь Шутаў з Брэста, які памёр 11 жніўня пасля стрэлу міліцыянта ў патыліцу — Hrodna.life).

У Беларусі больш за 20 афіцыйных мотаклубаў - іх пазіцыя наконт супрацоўніцтва з уладамі адзіная. У Гродне ёсць прадстаўнікі розных беларускіх клубаў.

«Падняцца з канапы і працягваць жыць»

Арганізатарам прабегу ў 2021 годзе выступіла супольнасць «Free Riders Grodno». Яе зарэгістравалі ўсяго два месяцы таму. Мотасупольнасць — не тое ж самае, што мотаклуб. Клуб мае сваю атрыбутыку і колеру, супольнасць — не. Арганізатары адкрыцця мотасезона-2021 не з’яўляюцца сябрамі мотаклубаў, распавёў Hrodna.life Павел. «Мне іх пазіцыя незразумелая і непрымальная для нас. Іх асуджае уся мота-Беларусь», — лічыць байкер.

— Людзі стаміліся ад каранціну і ўсяго, што адбываецца вакол. Матацыклісты хочуць руху, пра гэта кажа колькасць удзельнікаў і прысутнасць прадстаўнікоў некаторых мотаклубаў у тым ліку. Можна проста сядзець дома і нічога не рабіць, а можна падняцца з канапы і працягваць жыць. Мерапрыемства рабілася для людзей і было праведзена шмат працы, — распавёў Hrodna.life Вадзім Саўко, заснавальнік новай мотасупольнасці, якая стала арганізатарам прабегу.

байкеры Гродно
Вадзім Саўко. Фота: Юлія Сарока

Байкеры дапамагаюць дзецям і жывёлам

На папярэдніх фестывалях адкрыцця мотасезона байкеры самі падтрымлівалі парадак і ўсё «было акуратна», адзначыў Павел. Самаарганізацыя ёсць і ў іншых сферах: члены мотаклубаў наведваюць дзіцячыя дамы, дапамагаюць прытулкам для жывёл. Адна з такіх паездак ўжо запланавана. Некаторыя мотаклубы запланавалі закрытыя мерапрыемствы да пачатку сезона. Цяпер ДАІ спрабуе даведацца ў байкераў, дзе і калі яны будуць, распавёў Павел.

Удзел байкераў у афіцыйным адкрыцці сезона асуджаюць у «мота-чатах» і сацыяльных сетках. Напрыклад, байкер і фатограф Сяргей Марозаў распавёў у Facebook, што ўбачыў на мерапрыемстве асяроддзе, міліцыю, АМАП, у тым ліку ў цывільным. Яго папрасілі пасадзіць дрон, перапісалі дадзеныя і правялі «прафілактычную гутарку».