На вул. Леванабярэжная ў Гродне могуць з’явіцца пункты харчавання — палаткі, шапікі і летнія кафэ. 1 чэрвеня пройдзе аўкцыён, на якім можна будзе набыць права арэнды адкрытай пляцоўкі для ўстаноўкі гэтых пунктаў. Інфармацыя пра гэта з’явілася на сайце гарвыканкама.

Кошт права арэнды плошчы ў 171,5 кв. м. на тры гады стартуе з 725,45 рублёў. Па ўмовах аўкцыёну, на гэтым месцы павінны з’явіцца «нестацыянарныя гандлёвыя аб’екты грамадскага харчавання». Да іх адносяцца палаткі, шапікі, латкі, кіёскі, боксы, летнія кафэ, аўтамагазіны.

Колер ўстановы ўзгадняць з гарвыканкамам

Пераможца таргоў павінен будзе ўзгадніць тып і знешні выгляд кожнага сезоннага аб’екта аж да колеру з Упраўленнем будаўніцтва, архітэктуры і горадабудаўніцтва Гродзенскага гарвыканкама. Таксама пакупнік павінен зрабіць гандлёвыя аб’екты даступнымі для маламабільных людзей.

Каэфіцыент арэнднай платы за першы год складзе 1,0, за другі і трэці - 3,0. У кастрычніку-сакавіку арэнда будзе ўдвая таннейшай, калі ўстанова не будзе працаваць.

Як яшчэ ўлады і самі гродзенцы спрабавалі ажывіць Леванабярэжную?

У 2019 годзе ўлады абмяркоўвалі ідэю пераносу ўсіх фудтракоў у адно месца на вул. Леванабярэжную. Таксама прапаноўвалі праводзіць там канцэрты і мерапрыемствы, а актывісты хацелі адправіць туды пракат электрасамакатаў. Усе гэтыя ідэі так і не ажыццявіліся.

Літоўскі бізнэсовец Томаш Пецюль планаваў пабудаваць на гэтым месцы рэстарацыю з грузавых кантэйнераў у «марскім стылі». Гэтая ідэя таксама не рэалізавалася.

Чытайце таксама: Общественные грили, выход к реке, нет машин: гродненец придумал, как оживить набережную Немана