Зараз час, калі салаўі спяваюць амаль круглыя суткі. Карэспандэнтка Hrodna.life высветліла, як доўга іх можна будзе слухаць і дзе шукаць гэтых птушак у Гродне. Для тых, хто не знойдзе сам, ці хоча даведацца пра птушак больш, 16 траўня пройдзе «салаўіная» экскурсія. У Гродне такая акцыя пройдзе ўпершыню.

Людзі ацэньваюць якасць асяроддзя, у якім яны жывуць, па колькасці відаў, разнастайнасці галасоў птушак, якія спяваюць там, дзе яны жывуць. Такія вынікі паказала даследаванне ў краінах Еўрасаюзу з даволі вялікай выбаркай, расказаў Hrodna.life арнітолаг і бёрдвочар Зміцер Вінчэўскі. «Думаю, нашыя людзі не асабліва адрозніваюцца ад тых, хто жыве ў Еўрасаюзе».

Грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ) ладзіць бясплатныя экскурсіі «Салаўіныя вечары». Можна будзе не толькі пачуць салаўіны спеў, але і дазнацца шмат цікавага пра салаўя ды іншых птушак, з якімі ён суседзіць.

Для ўдзелу ў экскурсіі трэба запісацца праз анлайн-форму. Месца збору паведамяць на email.

У Гродне «салаўіны» шпацыр запланаваны на нядзелю, 16 траўня, а 19:00. Экскурсію павядзе старшыня абласнога аддзялення АПБ Андрэй Храмогін. Калі маеце, варта ўзяць з сабой бінокль.

Птушыная псіхатэрапія

Напачатку, калі салаўі прылятаюць, яны спяваюць амаль круглыя суткі: самцы шукаюць пару. Потым — паказваюць іншым самцам, што месца занятае.

Спевы з перапынкам толькі на пошук ежы працягнуцца да канца чэрвеня. Пасля птушкі будуць спяваць толькі ў цёмны час. Сёлета салаўі прыляцелі ў канцы красавіка, расказаў Зміцер Вінчэўскі. Цяпер самы час слухаць птушак нават удзень.

Спеў салаўя можна таксама пачуць, патэлефанаваўшы на нумар +375 445 006 612 (А1). Але лепш паслухаць жыўцом.

«Пабыць нейкі час у прыродным асяродку — пазітыўна дзейнічае і на настрой, і на здароўе ў большай перспектыве. Зразумела, што гэта не медыкаменты. Але гэта магчымасць атрымаць пазітыўныя эмоцыі і супакоіцца», — адзначае Зміцер.

Чытайце таксама: Бёрдвочар Дзмітрый Вінчэўскі: «Пра птушак ёсць шмат міфаў з савецкіх часоў»

Дзе шукаць салаўя?

Для жыцця салаўі абіраюць густыя кусты, зараснікі. У зацішным месцы яны робяць гнёзды на зямлі. У апалым лісці шукаюць ежу: насякомых і іх лічынкі, у канцы лета — ягады і насенне. Салаўі любяць забалочаныя месцы. «Таму ў Гродне лягчэй іх пачуць уздоўж Нёмана. Я слухаю каля чыгуначнага маста [у раёне Падольнай. — Заўв. Hrodna.life], каля карданных валаў. Уздоўж ракі іх чуваць здалёк», — расказаў Зміцер.

Дзе паслухаць салаўёў у Гродне? Калі не знойдзеце самі - будзе экскурсія
Фота: birdwatch.by / Charapica

На сайце «Аховы птушак Бацькаўшыны» на «салаўінай карце» беларусы самастойна адзначаюць месцы, дзе слухалі салаўёў. У Гродне такіх на час публікацыі пяць:

  • вуліца Дзяржынскага, у гаі за запраўкай «Лукойл» на рагу з вуліцай Белыя Росы,
  • паміж чыгункай і платнай стаянкай за прадпрыемствам «Беларуснафта-Гроднааблнафтапрадукт» на Дзяржынскага,
  • у прыватным сектары за дамамі 22/7 і 34/3 на вуліцы Брыкеля,
  • у Румлёўскім парку насупраць ГЦ «Магніт» па вуліцы Фамічова,
  • за запраўкай «Беларуснафта» на завулку Перамогі.

Вы таксама можаце нанесці свае назіранні на карту.

Чытайце таксама: