На тэрыторыі Беларусі ў выхадныя 19 і 20 лютага абяцаюць узмацненне ветру да 30 м/с. Як у такіх умовах арганізаваць бяспеку сабе і сваім блізкім распавёў тэлеграм-канал медыкаў.

Заставацца дома пакуль надвор’е не супакоіцца. Як арганізаваць бяспеку сабе і блізкім падчас непагадзі
Паламанае дрэва 19 лютага ў мікрараёне «Ласосна-4». Фота: Hrodna.life
  1. Не адкрывайце форткі ў вокнах, калі на вуліцы шквалісты вецер. Парыў ветру можа пашкодзіць шкло і такім чынам траўмаваць вас. Шчыльна закрыйце вокны і не адкрывайце іх, пакуль надвор’е не супакоіцца.
  2. Заставайцеся дома, калі гэта магчыма. Моцны вецер можа пашкодзіць альбо паваліць дрэвы, галіны, сеткі электразабеспячэння. Гэта можа быць небяспечным для вас.
  3. Калі непагадзь заспела вас на вуліцы, паспрабуйце схавацца ў падземным пераходзе ці ў пад’ездах будынкаў. Не хавайцеся ад моцнага ветру каля сцен дамоў. З дахаў і гаўбцоў можа падаць пакрыццё і іншыя прадметы. Не хавайцеся за прыпынкамі грамадскага транспарту, рэкламнымі шчытамі, недабудаванымі гмахамі і пад дрэвамі.
  4. Падчас кіравання аўтамабілем знізце хуткасць да мінімальна бяспечнай. Калі вецер не дазваляе аўтамабілю ехаць — уключыце аварыйную сігналізацыю і спыніцеся ў бліжэйшым дазволеным месцы. Кіраванне аўтамабілем падчас моцнага ветру можа пацягнуць за сабой аўтааварыю.

У суботу 19 лютага парывы ветру дасягалі 18 м/с. У службу МНС паступіла дзевяць паведамленняў аб падзенні дрэваў. Шэсць з іх упалі на праезжую частку, адно на лінію электраперадач, адно на легкавы аўтамабіль і яшчэ адно на тэрыторыю дзіцячага садка ў Гродне.

Чытайце таксама: Без электрычнасці засталося восемь населеных пунктаў. Што моцны вецер яшчэ пашкодзіў на Гродзеншчыне