У МУС стварылі спіс грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці, — туды трапілі 12 жыхароў Гродзенскай вобласці, якія адбываюць зняволенне. Старшыня непрызнанага беларускімі ўладамі Саюза палякаў Беларусі Анжаліка Борыс выйшла з СІЗА, але кантактаваць з кім-небудзь ёй забаронена. КДБ затрымаў у Гродна грамадзяніна Польшчы па падазрэнні ў шпіянажы. Рэдакцыя Hrodna.life вывучыла, што адбылося ў вобласці з 21 па 27 сакавіка.

Суд над Соф’яй Сапегай

Сафію Сапегу пачнуць судзіць 28 сакавіка ў Гродзенскім абласным судзе, расказаў BBC адвакат сям'і Сапегі Антон Гашынскі. Паседжанне пачнецца ў 10.30.

Сафію Сапегу затрымалі 23 траўня 2021 года разам з Раманам Пратасевічам. Іх знялі з прымусова пасаджанага ў Беларусі рэйса Ryanair. Спачатку яе абвінавацілі ў адміністраванні «экстрэмісцкага» Telegram-канала «Чорная кніга Беларусі», дзе публікуюцца асабістыя звесткі сілавікоў. Потым ёй прад’явілі абвінавачанне па сямі артыкулах Крымінальнага кодэкса.

Расследаванне яе справы праводзілі ў Мінску, але перадалі на разгляд у Гродна — магчыма таму, што Сапега прапісаная ў Лідзе. Сафія Сапега заключыла дасудовае пагадненне са следствам. У снежні 2021-га яна напісала прашэнне аб памілаванні Аляксандру Лукашэнка. Таму ёй пагражае шэсць гадоў зняволення — замест 12. Яна прызнана палітзняволенай.

Спіс экстрэмістаў, Анжаліка Борыс дома і затрыманне "шпіёна". Як прайшоў тыдзень у Гродне і вобласці
Соф’я Сапега. Фота: момант допыту, які апублікавалі ў праўладных Telegram-каналах

Гродзенца прызналі палітвязнем

21 лютага Гродзенскі абласны суд асудзіў географа да 3,5 гадоў узмоцненага рэжыму за паведамленні міліцыянтам, паведаміла «Вясна». Яго судзілі паводле арт. 369 «Абраза прадстаўніка ўлады, ч. 1 арт. 130 «Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ці іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы», ч. 1 арт. 366 КК «Гвалт або пагроза ў дачыненні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі, ці іншай асобы, якая выконвае грамадскі абавязак».

25 сакавіка яго прызналі палітвязнем, паведаміла «Вясна».

За тры месяцы 2022 года суды ў Гродзенскай вобласці прызналі экстрэмісцкай інфармацыю ў 14 крыніцах

  • Telegram-чат «Гродно 97% Пенсионеры» — рашэнне суда Ленінскага раёна Гродна ад 10 сакавіка 2022 года.
  • Telegram-канал «Смаргонь» — рашэнне суда Смаргонскага раёна Гродзенскай вобласці ад 11 лютага 2022 года.
  • Telegram-чат «БЛК97» — рашэнне суда Ленінскага раёна Гродна ад 8 лютага 2022 года.
  • Telegram-канал «Островец Для Жизни» — рашэнне суда Астравецкага раёна Гродзенскай вобласці ад 4 лютага 2022 года.
  • Telegram-канал «Я МЫ 97% Дятлово» — рашэнне суда Дзятлаўскага раёна Гродзенскай вобласці ад 2 лютага 2022 года.
  • Интернет-страница в Instagram «hrodna4life» — рашэнне суда Ленінскага раёна Гродна ад 28 студзеня 2022 года.
  • Telegram-канал «Дятлово для Жизни NEWS» — рашэнне суда Дзятлаўскага раёна Гродзенскай вобласці ад 20 студзеня 2022 года.
  • Telegram-чат «50 округ Гродно» — рашэнне суда Ленінскага раёна Гродна ад 19 студзеня 2022 года.
  • Telegram-канал «Лида — город для жизни» — рашэнне суда Лідскага раёна Гродзенскай вобласці ад 14 студзеня 2022 года.
  • Telegram-канал «Вольная Ольшанка» — рашэнне суда Ленінскага раёна Гродна ад 11 студзеня 2022 года.
  • Telegram-канал «Голас горада Гедыміна — Ліда» — рашэнне суда Лідскага раёна Гродзенскай вобласці ад 10 студзеня 2022 года.
  • Telegram-чат «Ивье 2020» — рашэнне суда Іўеўскага раёна Гродзенскай вобласці ад 6 студзеня 2022 года.
  • Telegram-канал «Ивье 97%» — рашэнне суда Іўеўскага раёна Гродзенскай вобласці ад 6 студзеня 2022 года.
  • Telegram-канал «Канал Лида — Город для Жизни» — рашэнне суда Лідскага раёна Гродзенскай вобласці ад 5 студзеня 2022 года.
  • Telegram-канал «Зельва 97» — рашэнне суда Зэльвенскага раёна Гродзенскай вобласці ад 14 сакавіка 2022 года.

За «праяву нянавісці» да супрацоўніка АМАПа жыхара Гродна асудзілі на 2,5 года «хіміі»

Суд Кастрычніцкага раёна Гродна вынес прысуд па справе Юрыя Давыдава, якога абвінавачвалі ў «абразе прадстаўніка ўлады» (арт. 369 КК). Ён пакінуў абразлівы каментар ў Telegram-канале «Каратели Беларуси» пад пастом з асабістымі дадзенымі кіроўцы АМАП Паўла Вашкевіча, паведамляе «Вясна».

Сам абвінавачаны растлумачыў, што пад пастом з фатаграфіяй 31-гадовага Вашкевіча ён прачытаў, што ва ўласнасці ў пацярпелага ёсць мікрааўтобус Ford Transit 2015 года выпуску. Зыходзячы з гэтага, Давыдаў зрабіў выснову, што, акрамя працы ў АМАПе, пацярпелы займаецца яшчэ і прыватным бізнэсам, што, згодна з законам, дзяржслужачаму забаронена. Пра гэта Давыдаў і напісаў свой каментар.

Пра які менавіта каментар ідзе гаворка, на судзе не гаварылася, але вядома, што судова-лінгвістычная экспертыза вызначыла, што ён утрымлівае «ненарматыўную форму маўленчага выказвання».

У МУС стварылі спіс грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці

Туды трапілі 12 жыхароў Гродзенскай вобласці. Самаму малодшаму з іх — 18 гадоў, старэйшай — 69. З Гродзенскай вобласці туды трапілі:

  • 58-гадовы Чайкоўскі Валерый Казіміравіч з в. Ёдкі Лідскага раёна — па прысудзе суда Лідскага раёна Гродзенскай вобласці па арт. 369 КК,
  • 58-гадовы Паўлоўскі Ігар Уладзіміравіч з Ваўкавыска — па прысудзе суда Ваўкавыскага раёна Гродзенскай вобласці па арт. 369 КК,
  • 30-гадовая Сарычава Алена Аляксандраўна са Слоніма — па прыгаворы суда Маскоўскага раёна г. Брэста па арт. 369 КК,
  • 54-гадовы Дроб Аляксандр Сігізмундавіч з Ліды — па прыгаворы суда Лідскага раёна Гродзенскай вобласці па арт. 369 КК,
  • 40-гадовы Завадзкі Іван Станіслававіч з в. Эйгерды Іўеўскага раёна — па прыгаворы суда Лідскага раёна Гродзенскай вобласці па арт. 369 КК,
  • 69-гадовая Міхальчук Галіна Іванаўна з Ваўкавыска — па прысудзе суда Ваўкавыскага раёна Гродзенскай вобласці па арт.369 КК,
  • 18-гадовы Мурын Мікіта Аляксандравіч з Ліды — па прыгаворы суда Лідскага раёна Гродзенскай вобласці па арт. 370 КК,
  • 36-гадовы Гебень Яраслаў Станіслававіч з Ліды — па прысудзе суда Лідскага раёна Гродзенскай вобласці па арт.,
    42-гадовы Адалеўскі Валерый Рамуальдавіч з Ліды — па прыгаворы суда Лідскага раёна Гродзенскай вобласці па арт. 369 КК,
    44-гадовы Шылай Антон Мікалаевіч з Гродна — па прысудзе суда Лідскага раёна Гродзенскай вобласці па ч. 2 арт. 370 КК,
  • 27-гадовы Аўсіевіч Андрэй Іванавіч з Гродна — па прысуду Гродзенскага абласнога суда па ч. 1 арт. 130 і арт. 369 КК,
  • 20-гадовы Баярскі Арцём Юр’евіч з Гродна — паводле прысуду Мінскага гарадскога суда — па ч. 1 арт. 342 і ч. 1 арт. 361−1 КК,

Тры чалавекі, уключаныя ў спіс, былі асуджаныя ў судах Гродзенскай вобласці: 31-гадовы Глацёнак Максім Міхайлавіч з Наваполацка, 29-гадовы Чулкін Аляксей Аляксандравіч з Полацка і 59-гадовы Крылоў Андрэй Максімавіч з Віцебска.

Усяго ў спісе 140 чалавек. Усе яны адбываюць пакаранне альбо маюць непагашаную судзімасць. Спіс апублікавалі на старонцы МУС 23 сакавіка.

Раней у Пералік арганізацый, фарміраванняў, індывідуальных прадпрымальнікаў, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці, патрапіла «экстрэмісцкі фарміраванне» Telegram-канал «Ошмяны».

Надзею Калач з групы «Irdorath» перавялі з СІЗА ў гомельскую калонію

Яе затрымалі 2 жніўня 2021 года, асудзілі на два гады калоніі агульнага рэжыму за музыку на акцыях пратэсту. Яна была прызнана палітычнай зняволенай, паведамляе Б**сат.

Спіс экстрэмістаў, Анжаліка Борыс дома і затрыманне "шпіёна". Як прайшоў тыдзень у Гродне і вобласці
Надзея і Уладзімір Калач. Фота: facebook.com/Irdorath.by

КДБ затрымаў у Гродне грамадзяніна Польшчы

Як сцвярджаюць у ведамстве — па падазрэнні ў шпіянажы. Камітэт таксама абвінаваціў генеральнага консула Польшчы ў Гродне Анджэя Рачкоўскага і консула польскага генконсульства Марціна Хрустэля ў парушэнні беларускага заканадаўства і ў спробах «перашкодзіць правядзенню працэсуальных дзеянняў».

У гродзенскім медзе — новы рэктар

Новага рэктара Гродзенскага дзяржаўнага медычнага ўніверсітэта 21 сакавіка прызначыў Аляксандр Лукашэнка. Ім стаў прафесар універсістэта Ігар Жук. Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года Ігар Жук разам з іншымі чыноўнікамі выступаў на плошчы Леніна перад пратэстоўцамі. Пазней ён запісаў зварот, у якім сцвярджаў, што «ў адрас дэпутатаў Гродзенскага абласнога Савета паступаюць шматлікія звароты». У іх гродзенцы нібыта пераймаліся за захаванне суверэнітэта краіны і прасілі «навесці парадак на вуліцах і плошчах».

Спіс экстрэмістаў, Анжаліка Борыс дома і затрыманне "шпіёна". Як прайшоў тыдзень у Гродне і вобласці
Новы рэктар ГрДМУ Ігар Жук. Крыніца: grodnonews.by

Творы гродзенскага мастака не прайшлі цэнзуру на выставе ў Мінску

Выставу «Дэмаграфія» гродзенскага мастака-манументаліста Сяргея Грыневіча адкрылі 17 сакавіка ў Мінску. Але сем твораў не былі выстаўленыя з-за цэнзуры. Пра гэта мастак расказаў на сваёй старонцы ў Facebook. Там жа ён апублікаваў творы не прадстаўленыя на выставе. Некаторыя з іх аўтар зняў яшчэ раней — «на этапе самацэнзуры».

Спіс экстрэмістаў, Анжаліка Борыс дома і затрыманне "шпіёна". Як прайшоў тыдзень у Гродне і вобласці
Карціна Сяргея Грыневіча, якая не прайшла цэнзуру. Крыніца: старонка мастака ў Facebook

Міліцыя Гродна выдаткуе 44 000 рублёў на новы плот з калючым дротам

Бягучы рамонт агароджы вайсковай часткі 5522 па вул. Чырвонаармейская, 11 запланаваны з 4 красавіка па 3 траўня. На гэта выдаткуюць 44 000 рублёў з рэспубліканскага бюджэту.

Дэпутатка з Гродна: «Расія не нападае на Украіну праз Беларусь»

Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Лілія Кір'як 21 сакавіка правяла прамую тэлефонную размову з гродзенцамі. Журналіст Hrodna. life датэлефанаваўся дэпутатцы як звычайны грамадзянін і задаў пытанні пра каранавірус, вайну ва Украіне і цэны на прадукты. Дэпутатка ж выказала думку, што мы «начыталіся Telegram-каналаў фэйкавых».

Спіс экстрэмістаў, Анжаліка Борыс дома і затрыманне "шпіёна". Як прайшоў тыдзень у Гродне і вобласці
Лілія Кір'як. Крыніца: beresta. by

У Брузгах не засталося мігрантаў

Транспартна-лагістычны цэнтр побач з пунктам пропуску «Брузгі» пакінулі ўсе мігранты. Частку з іх ужо эвакуявалі рэйсам з Мінску ў Эрбіль, іншыя чакаюць наступных рэйсаў. Пра гэта 22 сакавіка паведаміў Дзяржаўны Памежны камітэт Беларусі.

Што зрабіць, каб спыніць паток нянавісці да беларусаў

«Чым больш з’яўлялася інфармацыі пра ўдзел беларускага рэжыму ў вайне, тым больш абвастралася сітуацыя», — кажа Яўген Жураўскі, адміністратар канала «Беларусы Варшавы». Ён жыве ў сталіцы Польшчы з кастрычніка 2020 года і бачыць, як зараз змянілася стаўленне да беларусаў. Пра падобную сітуацыю распавядаюць і беларусы з іншых краін. Разам з удзельнікамі падзей і псіхолагамі Hrodna. life разбіраецца, як выйсці са складанай сітуацыі з мінімальнымі стратамі.

Кнігу пра вайсковую гісторыю Беларусі хутка прызнаюць экстрэмісцкай

Кнігу Віктара Ляхора «Вайсковая гісторыя Беларусі. Героі, сімвалы, колеры», неўзабаве могуць прызнаць экстрэмісцкай. Пракуратура Гродна накіравала такую заяву ў суд Ленінскага раёна. Пра гэта 22 сакавіка ў сваім Telegram-канале паведаміла актывістка і «інфаспецназаўка» Вольга Бондарава.

Гродзенскага журналіста абвінавацілі ў супрацоўніцтве з украінскай выведкай

Гродзенскага журналіста Дзяніса Івашына Камітэт Дзяржаўнай Бяспекі абвінаваціў у супрацоўніцтве з украінскай выведкай. «Украінскі бок, глыбока вывучыўшы асобу Дзяніса Івашына, усяляк яго стымуляваў, выкарыстоўваючы як матэрыяльнае ўзнагароджанне, так і іншага роду заахвочванні, якія маюць значэнне для фігуранта, прымаючы пад увагу ўжо сфармаванае ў яго жаданне быць датычным да лёсу Украіны», — напісала БелТА са спасылкай на КДБ.

Денис Ивашин, Гродно, КГБ
Дзяніс Івашын. Фота: профіль героя ў Facebook

Як жывуць беларусы, якія засталіся ва Украіне нягледзячы на вайну

Пасля пратэстаў 2020 года з Беларусі ва Украіну з’ехала шмат людзей у пошуку новага жыцця. Некаторыя перабраліся туды яшчэ раней. Вайна, якую пачала Расія, зруйнавала іх планы. Hrodna. life пагаварыў з некаторымі беларусамі, якія, нягледзячы на вайну, застаюцца ва Украіне.

Ізноў 3%! Столькі беларусаў хочуць ваяваць з Украінай

За вайну з Украінай выступаюць 3% беларусаў, 25% лічаць, што Беларусь павінна быць нейтральнай, а 28% выказваюць сваю падтрымку Расіі, але без удзелу Беларусі ў вайне. Вынікі даследвання «Погляды беларусаў на вайсковы канфлікт Расіі і Украіны» апублікаваў брытанскі цэнтр Chatham House.

Як гродзенскі бізнес выжывае ў час вайны і санкцый

З ростам курса валюты арэнда ў барбершопе паднялася на траціну: з 1200 рублёў да 1850 рублёў за месяц. Калі ўладальніцы аднаго з гродзенскіх мэблевых магазінаў даслалі новы прайс на прадукцыю, яна вырашыла, што там памылка: цэны выраслі на 30%. Папера для выдавецтваў падаражэла амаль удвая — прыватныя друкарні рызыкуюць зачыніцца. Аўтамабілісты часцей пачалі купляць былыя ва ўжыванні запчасткі і рамантаваць старыя дэталі. Рэдакцыя Hrodna. life спытала бізнесменаў з Гродна, як ім працуецца ва ўмовах вайны і санкцый.

З Гродзенскага ўніверсітэта звальняюць дацэнтку Альбіну Семянчук

З Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы звальняюць гісторыка Альбіну Семянчук. Ёй не працягнулі кантракт. Фармальная прычына — нібы надыход пенсійнага ўзросту. З 1996 года Альбіна Семянчук працавала на кафедры беларускай культуры, мае ступень кандыдата гістарычных навук. Займаецца вывучэннем наратыўных крыніц XV—XVII стагоддзяў, беларуска-літоўскімі і польскімі летапісамі, даследаваннем гістарычнай думкі ў ВКЛ. Аўтарка некалькі дзясяткаў навуковых даследаванняў. Альбіна Семянчук рыхтавалася да абароны доктарскай дысертацыі.

альбіна семянчук
Альбіна Семянчук. Фота: Facebook

На хірурга з Гродна паскардзіліся з «хіміі» — ён атрымаў штраф

Лекара-хірурга з Гродна Сяргея Батаева нечакана выклікаў участковы. Аказалася, на яго старонцы знайшлі падпіскі на каналы, прызнаныя экстрэмісцкімі, і паскардзіліся на лекара ў міліцыю. Адным выклікам да ўчастковага не абышлося: пазней Сяргея выклікалі ў РАУС, адтуль адвезлі ў суд і аштрафавалі на 25 базавых велічынь (800 рублёў).

Врач-хирург из Гродно Сергей Батаев
Сяргей Батаеў. Фота: rgazeta.by

Анжаліку Борыс выпусцілі з турмы

Старшыня непрызнанага беларускімі ўладамі Саюза палякаў Беларусі Анжаліка Борыс на волі, паведаміў Юрый Васкрасенскі - стваральнік так званага «Круглага стала дэмакратычных сілаў», які падтрымлівае афіцыйную ўладу. Зараз Борыс знаходзіцца пад Адэльскам.

Анжелика Борис, председатель непризнанного властями Союза поляков Беларуси. Фото: Hrodna.life
Анжаліка Борыс, старшыня непрызнанага ўладамі Саюза палякаў Беларусі. Фота: Hrodna.life