Дзевяць чалавек — прадстаўнікі беларускага бізнесу і Міністэрства абароны — патрапілі ў санкцыйны спіс Канады. Адзін з іх — уладальнік прадпрыемства «Контэ Спа» Валянцін Байко.

Уладальнік гродзенскага “Контэ Спа” патрапіў пад санкцыі з-за вайны ва Украіне
Валянцін Байко. Фота: Твой Стыль.

Афіцыйная прычына ўключэння ў спіс — «садзеянне і дапушчэнне парушэння суверэнітэту, тэрытарыяльнай цэласнасці і незалежнасці Украіны». Асобам, уключаным у санкцыйны спіс, будзе забаронены ўезд у Канаду, а іх магчымыя актывы ў Канадзе будуць замарожаны. Прадстаўнікам Канады забаронена аказваць гэтым асобам любое садзеянне, гандляваць з імі, перадаваць і прадаваць тэхналогі і тэхніку.

Якія яшчэ бізнесоўцы патрапілі пад санкцыі Канады:

  • Аляксандр Шакуцін — уладальнік «Амкадор»;
  • Уладзімір Пефціеў - ранейшы ўладальнік «Белтэхэкспарт» (гандаль зброяй), «Спорт пары», «Дзелавая сетка», «Аквадзіў» і іншых кампаній, якія змянілі ўласніка, пасля таго як Пефціеў у 2011 годзе трапіў пад санкцыі ЕС;
  • Анатоль Тарнаўскі - «Юнівест-М» (нафта і будаўніцтва) і іншыя кампаніі, таксама быў пад санкцыямі ЕС дзесяць гадоў таму і змяніў структуру бізнесу для іх абыходу;
  • Павел Тапузідзіс — уладальнік СП ТАА «Тытунь-Інвест» (гіпермаркеты «Карона» і тытунёвы бізнес);
  • Яўген Баскін — уладальнік групы кампаній «Сервалюкс».

Акрамя прадстаўнікоў бізнесу пад канадскія санкцыі патрапілі беларускія вайскоўцы: намеснікі міністра абароны Андрэй Жук, Андрэй Бурдыка і Сяргей Сіманенка.

Валянцін Байко — старшыня агульнага сходу ўдзельнікаў «Контэ Спа». Нарадзіўся ў Гродне ў 1969 годзе. Скончыў ГрДУ імя Янкі Купалы. Па адукацыі - настаўнік пачатковых класаў і музыкі. Жанаты, мае двух сыноў і дачку.

Кампанія «Контэ Спа» была заснавана ў 1997 годзе ў Гродне. За 24 гады фірма вышла на пазіцыю лідара ў вытворчасці адзення, бялізны, панчошна-шкарпэтачных вырабаў ва Усходняй Еўропе.Валянціна Байко ў 2017 годзе занеслі ў Кнігу славы Гродна.

Валянцін і яго брат Дзмітрый шмат гадоў уваходзяць у спіс 100 самых уплывовых і паспяховых беларусаў.

Чытайце таксама: Санкции, ограничения и отмены. Чего лишилась Беларусь из-за российской агрессии против Украины

Хто з гродзенскіх кіраўнікоў ужо пад санкцыямі

У гадавіну фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, 9 жніўня 2021 года, упраўленне па кантролі за замежнымі актывамі Міністэрства фінанаў ЗША (OFAC) увяло санкцыі супраць 23 фізічных асобаў і 21 юрыдычнай асобы. Сярод іх дырэктар «Гродна Азот» — Ігар Ляшэнка.