Гродзенскі бізнесовец Валянцін Байко заняў 33 месца ў рэйтынгу 100 паспяховых бізнесменаў Беларусі ў 2023 годзе. За два гады Байко апусціўся на шэсць пазіцый. Топ апублікаваў сайт «Беларусы і рынак».

Уладальнік “Контэ Спа” Валянцін Байко вылецеў з ТОП-30 самых паспяховых бізнесменаў Беларусі
Валянцін Байко. Крыніца: grodnoinvest.by

Адразу за Валянцінам, на 34 месцы рэйтынга, знаходзіцца яго брат — намеснік дырэктара «Контэ Спа» Дзмітрый Байко. У рэйтынгу 2021 года Валянцін і Дзмітрый Байко займалі 27 і 28 месцы. У 2017 годзе Валянцін займаў 12 месца, а у 2018 годзе — 13 месца.

Самае высокае месца, якога дасягнуў гродзенскі бізнесмен у рэйтынгу — сёмае. Яго Байко заняў у 2019 годзе. У тым жа годзе ў спісе была найбольшая колькасць гродзенцаў: акрамя братоў Байко, у яго ўвайшлі намеснік дырэктара «Контэ Спа» Рычард Шарэль і дырэктар кампаніі «ABC» Іван Маісееў.

Сёлета ТОП-100 паспяховых бізнесменаў Беларусі складаў сайт «Беларусы і рынак». У складанні рэйтынгу ўдзельнічалі былыя супрацоўнікі інтэрнэт-партала «Ежедневник», які прыдумаў гэты рэйтынг і складаў яго з 2007 года. Галоўны рэдактар і заснавальнік «Ежедневника» Сяргей Сацук са снежня 2021 года знаходзіцца ў зняволенні. Яго асудзілі на восем гадоў калоніі агульнага рэжыму за нібыта атрыманне хабару, распальванне варожасці і перавышэнне службовых паўнамоцтваў. Беларускія праваабаронцы прызналі яго палітвязнем. Партал «Ежедневник» у 2022 годзе спыніў дзейнасць.

Чытайце таксама: Прыбытак гродзенскай кампаніі Байко «Контэ Спа» за год вырас у пяць разоў

Хто такі Валянцін Байко

Валянцін Байко — старшыня агульнага сходу ўдзельнікаў «Контэ Спа». Нарадзіўся ў Гродне ў 1969 годзе. Скончыў ГрДУ імя Янкі Купалы. Па адукацыі — настаўнік пачатковых класаў і музыкі. Жанаты, мае двух сыноў і дачку.

Кампанія «Контэ Спа» была заснавана ў 1997 годзе ў Гродне. За 24 гады фірма вышла на пазіцыю лідара ў вытворчасці адзення, бялізны, панчошна-шкарпэтачных вырабаў ва Усходняй Еўропе. Валянціна Байко ў 2017 годзе занеслі ў Кнігу славы Гродна.

З 2019 года — адзіны прадстаўнік прыватнага бізнеса ў Савеце Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі. Тады яго абралі ад Ваўкавыскага раёна Гродзенскай вобласці. У Савеце Рэспублікі ён уваходзіць у пастаянную камісію па эканоміцы, бюджэту і фінансам.

У 2022 годзе Валянцін Байко патрапіў пад санкцыі Канады. Афіцыйная прычына ўключэння ў спіс — «садзеянне і дапушчэнне парушэння суверэнітэту, тэрытарыяльнай цэласнасці і незалежнасці Украіны».

Чытайце таксама: Мільянер Валянцін Байко судзіцца з «Бярэзінскім мясакамбінатам». Ёсць цікавыя дэталі