Раварыстам дазволяць пераязджаць дарогу не спешваючыся, а электрасамакатам абмяжуюць хуткасць і дазволяць рухацца толькі па веласцежках і ходніках. Указ № 145 «Аб удасканальванні арганізацыі дарожнага руху» 18 красавіка падпісаў Аляксандр Лукашэнка.

Электрасамакаты ў цэнтры Гродна. Фота: Таццяна Сідлярэвіч
Электрасамакаты ў цэнтры Гродна. Фота: Hrodna.life

Што зменіцца для электрасамакатаў

Электрасамакаты, гіраскутары, монаколы, сігвэі і іншыя прылады аб’ядналі ў адно паняцце — «cродак персанальнай мабільнасці».

Паводле указа, перасоўвацца на такіх прыладах трэба па веласцежцы. Калі яна адсутнічае — па тратуары, пешаходнай дарожцы альбо па абочыне дарогі. Хуткасць не павінна перавышаць 25 км/г. Кіроўца не павінен перашкаджаць руху пешаходаў.

Карыстацца сродкамі персанальнай мабільнасці можна будзе з 14 гадоў. Але на жылыя і пешаходныя зоны гэта абмежаванне не распаўсюджваецца.

У 2019 годзе вакол электратранспарту ў цэнтры Гродна узнікалі канфлікты. Моладзь на вялікіх хуткасцях ездзіла на арэндаваных электрасамакатах і картах, што прыводзіла да здарэнняў. У выніку частку арэнднага транспарту мясцовыя ўлады забаранілі.

Што зменіцца для веласіпедаў

Перасякаць праезжую частку кіроўца веласіпеда павінен па веласцежцы ці веласіпедным пераездзе. Калі іх няма, то па пешаходным пераходзе. На скрыжыванні - па лініі тратуараў альбо абочыны. Пры гэтым веласіпедысту ўжо не трэба будзе абавязкова спешвацца, як гэта было раней.

Чытайце таксама: У Гродне ровараў больш, чым аўтамабіляў. Як ездзяць гродзенцы і чаму

У час руху не ў населеных пунктах у цёмны час сутак раварыст абавязаны быць у адзенні са светлавяртаючымі элементамі. Выключэнне тычыцца перасоўвання па веласцежцы.

Новыя правілы набудуць моц у другой палове кастрычніка 2022, праз шэсць месяцаў пасля афіцынага апублікавання ўказа.

Чытайце таксама: