«Прынцыповую згоду» Гродзенскага гарвыканкама на правядзенне акцыі атрымала праўладная актывістка Вольга Бондарава, аб чым яна паведаміла 25 красавіка. «Аб часе і месцы збору будзе паведамлена дадаткова: пакуль ідзе ўзгадненне святочных мерапрыемстваў на 9 траўня», — напісала яна ў Telegram-канале.

UPD 5 траўня. «Бяссмертнага палка» ў Гродне ўсё ж не будзе. Замест гэтага пройдзе акцыя «Беларусь памятае» на пр-це Касманаўтаў, паведаміла Вольга Бондарава.

Шэсце «Бессмяротнага палка Перамогі» пройдзе і ў Мінску.

«Бессмяротны полк» — міжнародны рух па захаванню асабістай памяці аб пакаленні Вялікай Айчыннай вайны. Удзельнікі штогод у Дзень Перамогі праходзяць калонай па вуліцах гарадоў з фотаздымкамі сваіх сваякоў-удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Рух пачаўся ў 2012 годзе ў Томску. Раней падобныя акцыі пад іншымі назвамі праходзілі ў іншых гарадах Расіі.

У Беларусі падобная акцыя праходзіла пад назвай «Беларусь памятае». Замест георгіеўскай стужкі выкарыстоўвалі чырвона-зялёную стужку, упрыгожаную кветкай яблыні.

Канфлікт арганізатараў у Расіі

У Расіі існуюць два рухі: «Бессмяротны полк» і «Бессмяротны полк Расіі».

Апошні быў зарэгістраваны ў 2015 годзе. «Бессмяротны полк», згодна статуту — добраахвотная акцыя: некамерцыйная, непалітычная, недзяржаўная. «Бессмяротнаму полку Расіі» ж, па словах стваральнікаў першапачатковага руху, надалі палітычнае і прапагандысцкае значэнне. Яго рыхтуюць, выкарыстоўваючы адміністрацыйны і фінансавы рэсурс.

Арганізатары асудзілі вайну ў Украіне

Раней у калоны ўставалі з партрэтамі воінаў-інтэрнацыяналістаў — загінулых ў чачэнскія, афганскую вайны, у ваенным канфлікце ў Грузіі. У 2022 годзе ў калону дазволілі ўстаць людзям з партрэтамі ваенных, якія загінулі ў час вайны Расіі ў Украіне.

Стваральнікі «Бессмяротнага палка» папрасілі не звязваць іх з будучымі шэсцямі. На іх думку, першапачатковы сэнс акцыі змяніўся. Раней былыя журналісты Томскага тэлеканала ТВ2, якія правялі першую акцыю «Бессмяротны полк» у 2012 годзе, выступалі з крытыкай расійскага ўварвання ва Украіну.

«На жаль, мы бачым мноства змяняючых першапачатковы сэнс Бессмяротнага палка з’яў і падзей. Зразумела, кожны чалавек вольны самастойна вырашаць, каго і як менавіта ён успамінае 9 траўня. Але мы не лічым больш магчымым звязваць сябе з тым, што адбываецца ў калонах на вуліцы», — напісалі арганізатары.

Яны працягнуць архіваваць сямейныя гісторыі людзей і дапамагаць тым, хто звяртаецца па пошук інфармацыі.