За апошнія дзесяць гадоў колькасць ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі скарацілася амаль у 24 разы. У Гродне сёння жывуць крыху больш за два дзясяткі ветэранаў. Мяняецца і сам фармат святкавання Дня Перамогі: ветэраны ўсё радзей удзельнічаюць у масавых мерапрыемствах, а заўважную ролю ў памятных акцыях пачынаюць адыгрываць прадстаўнікі ўлады, ветэранскія арганізацыі і былыя супрацоўнікі розных ведамстваў. Рэдакцыя Hrodna.life паглядзела, як за апошнія дзесяцігоддзі мяняліся святкаванне 9 мая і склад яго ўдзельнікаў у Гродне.

Колькі ветэранаў ВАВ засталося ў Беларусі

За апошнія дзесяць гадоў колькасць ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі скарацілася з 13,7 тысячы чалавек у 2016 годзе да 574 у 2026-м — амаль у 24 разы. У 2020 годзе непасрэдных удзельнікаў баявых дзеянняў у краіне было 2639, сёння — 269 чалавек на ўсю Беларусь. Сярэдні ўзрост удзельнікаў вайны складае каля 99 гадоў, самым маладым — больш за 90.

Колькі ветэранаў засталося ў Гродзенскай вобласці і Гродне

У Гродзенскай вобласці ў 2020 годзе пражывалі 332 ветэраны Вялікай Айчыннай вайны. У 2021 годзе іх налічвалася ўжо 212, з іх 116 — непасрэдныя ўдзельнікі баявых дзеянняў. Да 2023 года ветэранаў засталося 98 чалавек. На 1 студзеня 2026 года ў вобласці налічвалася 39 ветэранаў ВАВ: 12 інвалідаў і ўдзельнікаў вайны, 11 працаўнікоў тылу і 11 блакаднікаў.

Паводле звестак ТРК «Гродна», да мая 2026 года ў рэгіёне заставалася ўжо 36 ветэранаў. У самім Гродне ў 2024 годзе пражывалі 34 ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, у 2025 годзе — 24, а ў 2026-м — 22 чалавекі. Сярод іх шэсць блакаднікаў, а пяцёра перасягнулі стогадовы рубеж.

Ветэранаў усё менш, а сябраў ветэранскіх арганізацый — усё больш: як змяняецца Дзень Перамогі ў Гродне
Гродзенскія ветэраны ВАВ, 2024 год. Фота: БЕЛТА

Хто сёння лічыцца «ветэранам»

Паняцце «ветэран» у Беларусі даўно выйшла за межы абазначэння толькі ўдзельнікаў Другой сусветнай вайны. Гэты статус распаўсюджваецца таксама на ветэранаў працы, ваеннай службы, удзельнікаў баявых дзеянняў у іншых краінах, былых супрацоўнікаў сілавых структур і дзяржаўных ведамстваў.

Таксама ў Беларусі працуе разгалінаваная сістэма ветэранскіх арганізацый, у якую ўваходзяць у асноўным пенсіянеры.

У Гродзенскай вобласці дзейнічае абласная арганізацыя Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў. Паводле афіцыйных звестак, яна налічвае амаль 146 тысяч чалавек і ўключае больш за 700 першасных арганізацый. Толькі за апошні год іх колькасць вырасла яшчэ на 46.

Ветэранаў усё менш, а сябраў ветэранскіх арганізацый — усё больш: як змяняецца Дзень Перамогі ў Гродне
Удзельнікі справаздачна-выбарчай канферэнцыі абласной арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў. Фота: grodnonews.by

Усяго ў рэгіёне пражывае каля 278 тысяч пенсіянераў, і значная іх частка знаходзіцца ў ветэранскіх арганізацыях. Акрамя абласных аб’яднанняў, існуюць і прафесійныя ветэранскія супольнасці — напрыклад, ветэранаў педагагічнай працы або работнікаў «Гродна Азот». Апошняе лічыцца адным з найбуйнейшых у рэгіёне і налічвае больш за 2700 чалавек.

Як мянялася святкаванне Дня Перамогі ў Гродне

Першыя мерапрыемствы, звязаныя з вызваленнем горада і заканчэннем вайны на тэрыторыі БССР, прайшлі ў Гродне ўжо ўлетку 1944 года. 30 ліпеня на плошчы Леніна (цяпер — плошча Тызенгаўза) адбыліся першыя ўрачыстасці пасля вызвалення горада.

У маі 1945 года тут святкавалі Дзень Перамогі, а пазней — гадавіну вызвалення Мінска.

Ветэранаў усё менш, а сябраў ветэранскіх арганізацый — усё больш: як змяняецца Дзень Перамогі ў Гродне
Падрыхтоўка свята да Дня Перамогі ў Гродне ў 1970 годзе. Фота: just-grodno.gov.by, калаж Hrodna.life

У савецкія дзесяцігоддзі 9 мая паступова стала адным з галоўных дзяржаўных святаў. У 1970 годзе, да 25-годдзя Перамогі, на цэнтральным стадыёне «Чырвоны сцяг» прайшло вялікае тэатралізаванае спартыўнае свята. Для ўдзелу ў ім прадпрыемствам, школам і навучальным установам загадзя размеркавалі квоты ўдзельнікаў.

Так, навучэнцаў прафесійна-тэхнічных вучэльняў трэба было 600 чалавек, школьнікаў з чатырох школ — 600, студэнтаў педагагічнага інстытута — 300, студэнтаў тэхнікума фізкультуры — яшчэ 300. Ад культасветвучэльні патрабавалася 80 чалавек, вайскоўцаў — 200.

Дакладная колькасць ветэранаў, якія ўдзельнічалі ў свяце, у дакументах не пазначаецца, аднак, мяркуючы па ўсім, гаворка ішла пра тысячы ўдзельнікаў вайны.

У тым жа годзе каля Бераставіцы прайшоў сумесны мітынг Гродзенскай вобласці і Беластоцкага ваяводства. З польскага боку ў мерапрыемствах удзельнічалі да 2,5 тысячы жыхароў ваяводства і каля 200–300 вайскоўцаў Войска Польскага. Савецкі бок прадстаўлялі дэлегацыі прадпрыемстваў і раёнаў (каля 5 тысяч чалавек), а таксама вайскоўцы Гродзенскага гарнізона. Акрамя афіцыйнай часткі, праходзілі сустрэчы ветэранаў, канцэрты, спартыўныя спаборніцтвы і масавыя гулянні.

Ветэранаў усё менш, а сябраў ветэранскіх арганізацый — усё больш: як змяняецца Дзень Перамогі ў Гродне
Парад у Гродне ў 1990 годзе. Фота: just-grodno.gov.by

У 1990 годзе, на 45-годдзе Перамогі, у Гродне прайшоў вялікі парад ветэранаў.

Яшчэ ў 2000-х і пачатку 2010-х удзельнікі вайны заставаліся цэнтральнымі фігурамі свята: яны сустракаліся са школьнікамі, выступалі на мітынгах і ўдзельнічалі ў шэсцях.

Так, у 2010 годзе на святкаванне 65-годдзя Перамогі ў Гродна прыехалі 29 удзельнікаў баёў за Гродна з Расіі, Украіны і Польшчы. Яны ўдзельнічалі ў шэсці па цэнтральнай вуліцы горада, сустракаліся са школьнікамі і памежнікамі.

Таксама наведвалі музей першых баёў і мемарыяльныя мерапрыемствы. У горад таксама прыбылі афіцыйныя дэлегацыі з Расіі, Украіны, Літвы і Казахстана.

Ветэранаў усё менш, а сябраў ветэранскіх арганізацый — усё больш: як змяняецца Дзень Перамогі ў Гродне
Ветэраны на парадзе ў Гродне ў 2018 годзе. Фота: sb.by

У 2016 годзе ветэраны прайшлі ў святочнай калоне разам з кіраўнікамі вобласці і горада, з прадстаўнікамі прадпрыемстваў і арганізацый.

У 2019 годзе некалькі гродзенскіх ветэранаў ВАВ усклалі кветкі да Вечнага агню каля помніка воінам і партызанам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Ветэранаў усё менш, а сябраў ветэранскіх арганізацый — усё больш: як змяняецца Дзень Перамогі ў Гродне
Ветэраны на парадзе ў Гродне ў 2022 годзе. Фота: БЕЛТА

Хто сёння ўдзельнічае ў памятных мерапрыемствах

Аднак з кожным годам ветэранаў станавілася ўсё менш, і фармат свята паступова мяняўся. Калі раней удзельнікі вайны самі праходзілі ў калонах і выступалі на мітынгах, то цяпер большасць мерапрыемстваў праходзіць без іх.

Ветэраны, якім сёння каля ста гадоў, часцей становяцца не ўдзельнікамі масавых мерапрыемстваў, а сімвалічнымі героямі свята. Прадстаўнікі ўладаў, школьнікі і грамадскія арганізацыі прыязджаюць віншаваць іх дадому, у бальніцы або сацыяльныя ўстановы. Некаторыя з ветэранаў у мінулым годзе, напрыклад, былі гледачамі канцэрта на плошчы Леніна і на парадзе.

Ветэранаў усё менш, а сябраў ветэранскіх арганізацый — усё больш: як змяняецца Дзень Перамогі ў Гродне
Віншаванне ветэрана ВАВ Мікалая Сомава ў тым ліку і прадстаўнікамі савета ветэранаў

На гэтым фоне заўважную ролю ў святкаванні пачалі адыгрываць ветэранскія арганізацыі. Менавіта іх прадстаўнікі сёння разам з прадстаўнікамі мясцовых уладаў часцей удзельнічаюць у сустрэчах з моладдзю, памятных акцыях і «дыялогавых пляцоўках».

Паводле слоў старшыні Гродзенскай абласной арганізацыі ветэранаў Івана Тустава, аб’яднанне ўдзельнічае ў патрыятычных акцыях, сустрэчах з моладдзю, пошукавых экспедыцыях і доглядзе за воінскімі пахаваннямі. Таксама арганізацыі дапамагаюць пажылым ветэранам і супрацоўнічаюць з пракуратурай у расследаванні фактаў генацыду часоў вайны.

Ветэранаў усё менш, а сябраў ветэранскіх арганізацый — усё больш: як змяняецца Дзень Перамогі ў Гродне
Члены Гродзенскай абласной арганізацыі ветэранаў на адным з мерапрыемстваў. Фота: grodnonews.by

— Абарона нашых ветэранаў, аказанне ім дапамогі ў розных жыццёвых пытаннях, у тым ліку матэрыяльных, бытавых, у медыцынскім забеспячэнні. Тым, хто мае патрэбу, асабліва ветэранам Вялікай Айчыннай вайны. На жаль, іх сёння засталося вельмі няшмат — усяго 39 чалавек у вобласці, — расказваў Іван Тустаў.

У 2026 годзе, напярэдадні 9 мая, прадстаўнікі арганізацый сустракаюцца з блакаднікамі і ветэранамі. Напрыклад, прыязджалі ў госці да ветэранаў-блакаднікаў у Ваўкавыскім раёне. А ў Мастоўскім раёне ўшаноўвалі ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Мікалая Бабко. Таксама даглядаюць воінскія пахаванні, удзельнічаюць у пасадцы дрэў і памятных мерапрыемствах.

русский дом
Дыялогавая пляцоўка. Фота: instagram.com/rcnkgrodno

Напрыклад, у бібліятэцы №2 Гродна пры ўдзеле «Рускага дома» прайшла дыялогавая пляцоўка «Нам мір запаветана берагчы». Паводле слоў арганізатараў, мерапрыемства было прысвечана памяці пра Вялікую Айчынную вайну і аб’яднала ветэранаў, школьнікаў і прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый.

Аднак непасрэдных удзельнікаў вайны на сустрэчы ўжо не было. Пра падзеі тых гадоў расказвалі прадстаўнікі ветэранскіх арганізацый — адна з выступоўцаў нарадзілася праз дзесяць гадоў пасля пачатку вайны.