Новым намеснікам міністра спорту і турызму Алега Андрэйчыка прызначылі 13 траўня. Да гэтага ён 24 гады прапрацаваў ва ўпраўленні спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама. У Міністэрства спорту і турызму Андрэйчык сышоў нядаўна, 30 лістапада 2021 года.

Алег Андрэйчык нарадзіўся 12 красавіка 1973 года ў Глыбокім Віцебскай вобласці. Скончыў Гродзенскі тэхнікум фізічнай культуры, Гродзенскі дзяржаўны універсітэт імя Янкі Купалы і Акадэмію кіравання пры прэзідэнце. У 1993−1997 гадах быў у складзе зборнай Беларусі па лёгкай атлетыцы, майстар спорту Беларусі, неаднаразовы прызёр міжнародных турніраў у бегу на доўгія і звышдоўгія дыстанцыі.

Пачынаў працу метадыстам, з 1997 года працаваў галоўным спецыялістам ва ўпраўленні спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама, з 2006 года — намеснікам кіраўніка ўпраўлення. У снежні 2013 года яго прызначылі кіраўніком Упраўлення спорту і турызму.

Падчас праўлення Андрэйчыка ў рэгіёне пачаў дзейнічаць паспяховы бязвіз для турыстаў. За тры гады, з 2016 па 2019, у вобласць прыцягнулі каля 20 мільёнаў еўра даходаў ад турызму. У 2018-м Гродзенскую вобласць прызналі самай спартыўнай у Беларусі. Пры Андрэйчыку ў Гродне развіваліся мясцовыя бегавыя спаборніцтвы, а ён сам штогод удзельнічаў у міжнародным марафоне дружбы «Гродна-Друскінінкай». Але вось пабудаваць на «Гродзенскім моры» (вадасховішча перад ГЭС) базу адпачынку і адкрыць там 50 інвестыцыйных пляцовак, як ён планаваў, так і не ўдалося. Таксама толькі ў планах засталося адкрыццё стадыёна для пляжных відаў спорту пад Гродна.

Пры гэтым Алега Андрэйчыка называлі адказным за ціск на спартоўцаў у 2020 годзе. Пасля выбараў, у снежні 2020 года, з’явіўся адкрыты ліст спартсменаў у падтрымку дзейнай улады. Некаторыя спартсмены не падпісвалі яго, але ўсё роўна знайшлі пад ім сваё прозвішча. Іншыя наўпрост распавялі, што спартыўныя чыноўнікі пагражалі звольніць іх за адмову падпісаць ліст.

Чытайце таксама:

Каго яшчэ прызначылі на новыя месцы

Старшыню Навагрудскага райвыканкама Сяргея Федчанкі Аляксандр Лукашэнка 13 траўня прызначыў першым намеснікам міністра сельскай гаспадаркі і харчавання. Намеснікам міністра сельскай гаспадаркі стаў начальнік Галоўнага ўпраўлення эканомікі Мінсельгасхарча Вадзім Шагойка.

Ніна Емяльянава стала намеснік міністра ў МАРГ. Раней яна была намесніцай генеральнага дырэктара па развіцці Мінскага Камароўскага рынку.

Аляксандр Агароднікаў з пасады намесніка міністра прамысловасці перайшоў на месца першага намесніка міністра прамысловасці. Яго папярэдняе месца ў гэтым ведамстве заняў Аляксей Казлоў, былы начальнік навукова-тэхнічнага ўпраўлення Міністэрства прамысловасці.

Чытайце таксама: Конфликт в гродненском спорте: кто-то пишет в КГБ и прокуратуру доносы про «подпольную типографию, разброд и шатание»