У Гродзенскім абласным судзе ў канцы чэрвеня пачалі працэс ліквідацыі чатырох грамадскіх арганізацый. Гэта спартыўныя і сямейныя аб’яднанні. Пазоўнікам па справе выступае Галоўнае ўпраўленне юстыцыі Гродзенскага аблвыканкама. Пакуль іх статус у Адзіным дзяржаўным рэестры (АДР) пазначаны як «дзейны».

З канца чэрвеня ў судзе ліквідуюць чатыры арганізацыі. Гэта:

Гродзенскае грамадскае сямейнае аб’яднанне «Парадыгма». Працавала з 2010 года. У рамках грамадства стваралі аўтарскія псіхалагічныя праграмы, праводзілі псіхалагічныя групы і праграмы. Акцэнт рабілі на семінарах для сямейных пар. «Штогод праводзім групы сямейнай тэрапіі для ўсіх шлюбных пар, якія хочуць захаваць і аднавіць свае адносіны», — пісалі стваральнікі супольнасці ў Facebook. Па нумары, пазначанаму ў АДР, Hrodna.life не адказалі. ⠀

Гродзенскае абласное грамадскае аб’яднанне «Чатыры вятры». Арганізацыя працавала чатыры гады. Асноўны напрамак спартыўнага аб’яднання — яхт-клуб. Пасля пандэміі яна практычна не дзейнічала, распавялі Hrodna.life прадстаўнікі аб’яднання.

Дзіцяча-юнацкае грамадскае аб’яднанне «Спартыўна творчая студыя ФАЕР». Яна прапрацавала ўсяго два гады ў Слоніме. Кантактаў аб’яднання знайсці не ўдалося.

Грамадскае аб’яднанне «Байцоўскі клуб «Чорная метка» прапрацавала менш за два гады. Яго ліквідуюць праз суд, але аб’яднанне ўжо знаходзіцца ў стадыі ліквідацыі па рашэнні ўласніка ад 27 чэрвеня 2022 года. Кантакты старшыні на сайце АДР таксама не пазначаны.

Маштабы ліквідацыі

З пачатку года ў Гродне ліквідавалі абласны спартыўна-патрыятычны клуб «Гонар Радзімы», Гродзенскае абласное грамадскае аб’яднанне былых малалетніх вязняў фашысцкіх канцлагераў, «Краязнаўчае таварыства — Коматава», «Устойлівае развіццё вёскі». Прычынай ліквідацыі ў большасці выпадкаў сталі парушэнні ў дакументацыі, якія самі старшыні называлі нязначнымі.

Масавая ліквідацыя пачалася ў Беларусі летам 2021 года. Больш за 10 арганізацый у Гродне ліквідавалі па рашэнні суда, сем — па рашэнні выканкамаў, некаторыя пачалі працэс ліквідацыі самастойна. Многія арганізацыі не былі звязаны з палітыкай, а займаліся настольнымі гульнямі, развіццём спорту і інфраструктуры, адукацыяй.

Чытайце таксама: