У дварах на вуліцы Міра не косяць траву, расказала чытачка Hrodna.life Анастасія. У ЖЭС на яе запыт спаслаліся на тое, што «касіць няма каму» і ім «не даюць касцоў». З праблемай параілі звярнуцца ў гарвыканкам.

«У двары не косяць траву ўжо вельмі доўга. 13 чэрвеня яна была вышынёй 55−60 см, 29 чэрвеня ўжо дзесці 90−100 см. Дзіцё ростам 110 см, каб прайсці па сцежцы рукі ўгару ўздымае ўжо», — напісала Анастасія ў Instagram Hrodna.life.

Па словах жанчыны, ужо некалькі разоў у дварах бачылі вужоў. «Не дзіўна, калі там яшчэ і кляшчы ўжо ёсць. Дзякуй богу, пакуль што не было вестак, каб кагосці ўкусілі». Анастасія кажа, што за больш чым 10 гадоў жыцця ў гэтым раёне такога яшчэ не бачыла: раней траву касілі своечасова.

Hrodna.life патэлефанаваў у службу 115, але там толькі прымаюць заяўкі аб праблемах, якія перадаюць у ЖЭС. Таксама мы тэлефанавалі ў Гродзенскую гарадскую ЖКГ і ў аддзел ЖКГ Гродзенскага гарвыканкама. У абодвух выпадках слухаўку не знялі.

Як часта павінны касіць траву?

Скошваць газоны павінны не радзей за раз на месяц з траўня па верасень. Гэта прапісана ў галіновых нормах часу, абслугоўвання і расходу матэрыялаў на падтрыманне і аднаўленне санітарнага і тэхнічнага стану прыдамавой тэрыторыі. Нормы зацвердзіла Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь (загад ад 15.06.2021 № 44).

Сёлета гэтыя нормы ў Гродне ўжо парушаныя: напрыклад, у раёне вуліцы Соламавай і Паповіча ўпершыню пакасілі не ў траўні, а ў пачатку ліпеня.

У гэтым годзе пачалі касіць пазней

У канцы чэрвеня Hrodna.life тэлефанаваў ва УЖРЭП Кастрычніцкага раёна і запытваў, чаму ў дварах не косяць траву. Тады супрацоўнікі УЖРЭП патлумачылі, што сёлета касіць траву пачалі пазней, чым звычайна. Магчымасці касіць не было, бо травень і пачатак чэрвеня былі дажджлівымі. Зараз пакос травы «ідзе ва ўзмоцненым рэжыме» і трава будзе скошаная згодна з нормамі - адзін раз на месяц, распавяла супрацоўніца УЖРЭП.

Чытайце таксама: