За першыя шэсць месяцаў 2022 года самым папулярным імем для дзяўчынак у Гродзенскай вобласці стала Сафія, для хлопчыкаў - Міхаіл. Сярод рэдкіх імёнаў бацькі выбіралі імёны Міланія, Рэната, Максіміліян і Геральд.

Імя Сафія ў студзені-чэрвені 2022 года атрымалі 106 дзяўчынак, піша «Гродзенская праўда» са спасылкай на ЗАГСы. Імя Ева выбралі бацькі 74 дзяўчынак, 71 нованароджаная атрымала імя Ксенія, Ганнамі сталі 65 дзяўчынак, а 63 атрымалі імя Аліса. Сярод мужчынскіх імёнаў самым папулярным стала Міхаіл — яго выбралі для 115 хлопчыкаў. Максімамі назвалі 92 дзіцяці, імя Мацвей атрымалі 79 хлопчыкаў, Аляксандр — 78, а Арцёмамі сталі 73 дзіцяці.

Сярод рэдкіх жаночых імёнаў выбіралі імя Міла, Миласлава, Соня, Рэната, Эва, Тэя, Саванна і Міланія. Мужчынскімі рэдкімі імёнамі апынуліся Геральд, Дабрыня, Яфрэм, Інгольф, Леанэль, Максіміліян, Мілаш, Амар, Міхей і Ярамір.

Усяго за першае паўгоддзе ЗАГСы Гродзенскай вобласці зарэгістравалі нараджэнне 3736 дзяцей, з іх 1893 хлопчыка і 1843 дзяўчынкі.

Як мяняецца мода на імёны?

Імёны Сафія і Міхаіл сярод лідэраў ўжо трэці год запар. У 2021 годзе самымі папулярнымі жаночымі імёнамі былі таксама Ева, Марыя, Ганна і Аліса. Сярод мужчынскіх ў топе па папулярнасці аказаліся Арцём, Максім, Мацвей, Аляксандр.

У 2020 дзяўчынак часцей за ўсё называлі Сафія, Ксенія, Ганна, Дар’я і Марыя, хлопчыкаў - Максім, Арцём, Міхаіл, Мацвей і Аляксандр.

Пяць гадоў таму, у 2017 годзе, для гродзенскіх хлопчыкаў бацькі абіралі імёны Арцём, Максім, Міхаіл і Аляксандр, а вось сярод дзяўчынак дамінавалі тая ж Сафія, Дар’я, Анастасія і Ксенія. Імя Аліса было ў Гродне на трэцім месцы.

У 2010 годзе ў Гродне былі папулярныя жаночыя імёны Анастасія, Дар’я, Сафія і Соф’я, Вікторыя, Кацярына, Маргарыта, Паліна. Радзей сустракаліся імёны Яна, Агата, Вера, Галіна, Яўгенія, Ірына, Кіра, Каміла, Караліна, Любоў, Лада, Марта, Мар’яна, Майя, Святлана, Сняжана, Эвеліна, Юлія.

Хлопчыкаў у 2010 годзе часта называлі імёнамі Арцём, Кірыл, Максім, Уладзіслаў, Дзмітрый, Мацвей, Данііл (Даніла), Мікіта, Аляксей, Ілля, Павел. Радзей выбіралі імёны Арцемій, Артур, Уладзімір, Дамінік, Даніэль, Міраслаў, Макар, Алег, Руслан, Ратмір, Цімур, Цімафей.

Сафіямі называлі і 500 гадоў таму

Мяркуючы па гродзенскіх дакументах 16−18 стагоддзяў, 500 гадоў таму імя Сафія любілі таксама. Дзяўчынак называлі Соф’я (Зоф'я, Зося), Анастасія, Ганна або Марыя, згадваюцца і такія старыя беларускія імёны як Галуба, Уліта, Валіянта, Дося, Матрона, Лішка або Касюта.

Хлопчыкаў называлі Ігнат, Андрэй, Антон, Станіслаў (Станька), Раман, Павел, Максім, Мікалай, Тарас, Ясь (Янук, Іван, Івашка, Іванец), Сяргей, Дзмітрый, Аляксей (і Алехна), Грышка (ад Рыгор, Грыгорый), Васіль, Сенка (мабыць, ад Арсень), Санюк (ад Аляксандр), Мікіта. Такія простыя імёны былі ў большасці сялян і рамеснікаў. Шляхцічы як правіла пісалі імёны цалкам — Мікалай Каўнацкі, Павал Канаржэўкі, Алехна Гардзяевіч. У гэтым выпадку Алехна — цікавая мясцовая версія імя Аляксей. А вось Андрэй мог ператварыцца ў Эндруся або Эндрыяша.

Больш рэдкімі сёння імёнамі сталі тагачасныя Панас, Марцін (Марцішка), Гаўрыла, Ярома (Ярэма), Карп, Піліп, Астап, Анупрэй, Амяльян (Мяльян, Мялян), Яўсей (Аўсей), Зіноў (ад Зіновій), Селівон, Астап (Астапец), Здан (Ждан), Парфён, Ёшка (ад Іосіф, Язэп), Якуб.

Імёны, якія фігуравалі 500 гадоў таму і зусім забытыя цяпер — Матыс, Мілан, Яч (Ячка), Гашчыла, Дзешка, Мажэйка, Будзька, Вялічка, Мел (Мель), Крас, Насута, Войтка, Жук, Бел (Бель), Місюк, Грынь, Бацечка, Юргель, Лют (Люцік), Галаўня, Нарко, Палуян, Гапон, Каленік, Конан, Малафей, Голуб (Галубец). Часта яны захаваліся ў прозвішчах. Мясцовае гучанне атрымлівалі вядомыя біблійныя імёны.

У 17 стагоддзі сітуацыя пачынае прыкметна мяняцца. Масава з’яўляюцца заходнія імёны больш каталіцкага гучання-Хрызастом, Боутромей, Казімір, Стэфан, а сярод жанчын моднымі становяцца Канстанцыя, Ружа, Брыгіда, Дарота ці нават Генавефа і Тэафілія. У адным дакуменце з Гродзеншчыны давялося знайсці вядомае нам толькі па бразільскіх серыялаў імя Факунда. Для сучасных іспанцаў і для даўніх беларусаў корань імя быў адзін і той жа — ад лацінскага Факундас (красамоўны).

Читайте также: