Пра публічнае затрыманне падлеткаў, якія залілі Вечны агонь у парку Жылібера ў Гродне, стала вядома 25 кастрычніка. Хлопцы выклалі відэа з свавольствам у сеціва, і іх асобы ідэнтыфікавалі ўжо праз гадзіну пасля гэтага, паведамлялі тады. Але знаёмы сям'і аднаго з затрыманых агучыў іншую версію падзеяў.

Першапачаткова міліцыя забрала аднаго з падлеткаў з урокаў раніцай 21 кастрычніка з зусім іншай прычыны, распавёў знаёмы сям'і «Бе***ту». Быццам падлетка даставілі ў РУУС Кастрычніцкага раёну з прычыны «нейкай бойкі з хлопцамі», там праверылі тэлефон і знайшлі тое самае відэа. Пазней сілавікі пераслалі відэа сабе, а яшчэ пазней яно трапіла ў інтэрнэт. Самі падлеткі яго туды не выкладалі, растлумачыў знаёмы сям'і.

Пасля таго, як міліцыянты знайшлі відэа, падлеткаў адвезлі ў РУУС Ленінскага раёну. Да школьнікаў прыехалі бацькі і прысутнічалі на допыце. Пасля яго бацькі былі ўпэўненыя, што дзяцей адпусцяць дадому. Але хлопцаў вырашылі затрымаць на 72 гадзіны і адвезлі ў ізалятар. У гэты час бацькі не маглі з імі звязацца, не ведалі, як яны, адваката таксама не было. 24 кастрычніка, у панядзелак, ім паведамілі, што падлеткаў вырашылі арыштаваць да суда. Сказалі: «Прыязджайце, будзем арыштоўваць», — пераказаў знаёмы сям'і.

Рашэнне аб заключэнні падлеткаў пад варту намеснік пракурора Гродна агучыў публічна, у прысутнасці навучэнцаў Гродзенскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя будаўнікоў № 1 і сярэдняй школы № 39, у актавай зале школы. Па словах знаёмага сям'і, дзеці былі ў шоку, некаторыя потым плакалі і перажывалі за хлопцаў. У сюжэце АНТ паказалі іншых навучэнцаў, якія абураліся ўчынкам падлеткаў.

«Зрабілі па дурасці»

У інцыдэнце ля Вечнага агня ўдзельнічалі чатыры падлеткі. Аднаму з іх 13 гадоў, ён праходзіць у справе як сведка. Хлопцы вярталіся з дыскатэкі, па дарозе зайшлі ў краму і пайшлі праз парк. На апублікаваным відэа чуваць, як падлеткі спрачаюцца, ці магчыма пагасіць агонь. Выказванняў пра тых, каму ён прысвечаны, на запісу не чуваць. Ці быў пашкоджаны Вечны агонь газіроўкай, невядома. На думку знаёмца сям'і, падлеткі зрабілі ўсё па дурасці і не збіраліся тушыць Вечны агонь.

Школьнікам інкрымінавана злоснае хуліганства (ч. 2 арт. 339 КК), удакладнілі ў пракуратуры. Паводле яго, падлеткаў могуць пакараць арыштам, або абмежаваннем волі на тэрмін да трох гадоў, або пазбаўленнем волі на тэрмін ад аднаго года да шасці гадоў. Адказнасць за гэты артыкул наступае з 14 гадоў.

Затрыманыя знаходзяцца ў СІЗА да суда. Паводле розных крыніцаў, справу будуць расследаваць 2−3 месяцы. Родныя ўжо змаглі перадаць падлеткам ежу і цёплыя рэчы, але пагаварыць да суда яны не змогуць.