Два будынкі былой вайсковай часткі на Фолюшы плануюць прадаць за дзве базавыя велічыні (64 рублі). Аўкцыён адбудзецца 25 лістапада 2022 года. Адпаведную інфармацыю апублікавалі на сайце Гродзенскага цэнтра нерухомасці.

Двухпавярховыя будынкі размяшчаюцца на вуліцы Яснапольскай 12 Г і 12Г/1. Іх пабудавалі ў 1953 годзе. Раней там размяшчаліся штабы. Агульная плошча пабудовы на вуліцы Яснапольскай, 12 Г — 1288,4 кв.м, на Яснапольскай 12Г/1 - 1324,5 кв.м. Сцены будынкаў цагляныя, дах шыферны. Падлога бетонная і драўляная.

У аб’ектаў ёсць цэнтральнае ацяпленне на газе, электразабеспячэнне, вентыляцыя, водазабеспячэнне, каналізацыя. Але ўсе сістэмы ў няспраўным стане і нефункцыянуюць.

Пераможца аўкцыёну атрымае права арэнды ўчастка на 10 гадоў. Паводле ўмоваў аўкцыёна будынак трэба рэканструяваць. Пачаць прадпрымальніцкую дзейнасць уладальнік павінен будзе не пазней чым праз тры месяцы з моманту ўвода будынка ў эксплуатацыю.

Гэта не адзіны будынак, які выставілі на аўкцыён

Права арэнды былых вайсковых складоў на Фолюшы таксама плануюць прадаць з аўкцыёна. Пад склады альбо вытворчасць прапануюць тры пабудовы: вул. Фолюш 15/2, вул. Фолюш 15/208 і вул. Фолюш 15/27.

Дата аўкцыёна і пачатковая цана пакуль невядомыя.