Гродзенца Глеба не ўзялі на працу, бо ён размаўляе па-беларуску. У працы хлопцу адмовіла ўстанова «Шэф-Кебаб» на вуліцы Савецкай, 7. Пра гэта ён паведаміў у сваім Твітары.

«Распавяду канешне ўсім даўно вядомыя рэчы, але ўсё роўна дакіну свой выпадак у капілку мільёнаў такіх жа самых гісторый. Учора, пры пошуках часовай працы мне адмовілі па моўнай прыкмеце. Сказалі, што абавязкова валодаць расейскай, і камунікаваць па-расейску на працоўным месцы», — напісаў хлопец у сваім Твітары.

«Я вырашыў, што неяк пераконваць іх зараз не мае сэнсу. Акрамя таго я і сам не хацеў бы працаваць у месцы, дзе мяне нават не запыталіся ні пра мой досвед, ні пра іншыя звесткі, а адразу пачалі з моўнага пытання, на чым і скончылі», — расказаў Глеб Hrodna.life. Пры гэтым хлопец адзначае, што ўсё было культурна, без хамства.

Звяртацца ў суд з нагоды незаконнай дыскрымінацыі ў Глеба няма магчымасцяў. Ды ён і не верыць беларускім судам. «Я не магу ўявіць сабе сцэнар, у якім рашэнне суда будзе на баку беларускай мовы. Прынамсі я не чуў ніколі аб тым, каб з дапамогай суда беларус у нас паспяхова адстаяў свае моўныя правы», — кажа хлопец.

Пост у Твітар ён зрабіў, каб лішні раз звярнуць на не новую праблему з дыскрымінацыяй беларускамоўных. У размове з Hrodna.life ён узгадвае іншы выпадак, калі атрымліваў даведку ў разлікова-даведачным цэнтры. «Жанчына за акенцам з усмешкай адказала мне» «Со мной говорите по-русски, я русская». Па даведку прыйшлося ісці да зама, патлумачыўшы, што мне адмовілі ў паслугах", — расказаў Глеб.

Паводле Канстытуцыі дзяржаўныя мовы ў Беларусі - беларуская і руская. Дыскрымінацыя па моўнай прыкмеце з’яўляецца парушэннем закону.

Чытайце таксама: Авторка книги о дискриминации белорусскоязычных: «Невозможно решить проблему, которой не видно»