беларускія ўпрыгожанні belaruskicry

На вуліцах і плошчах Гродна ужо ўсталёўваюць ёлкі і ўпрыгажэнні. Сёлета ілюмінацыю на вуліцы Савецкая зробяць у выглядзе Палярнай зоркі. Рыхтуецца запрацаваць кірмаш «Зімовы фэст». У мінулым годзе чытачы Hrodna.life засталіся ім незадаволеныя — хацелі больш каляднага настрою і інтэрактыву.

«Зімовы фэст»

Кірмаш «Зімовы фэст» сёлета будзе працаваць на плошчы Савецкай з 9 снежня па 8 студзеня, паведамляе «Гродно Плюс».

Кірмаш будзе працаваць у буднія дні з 15.00 да 23.00, у выхадныя, перадсвяточныя і святочныя — з 13.00 да 23.00. 1 студзеня кірмаш будзе працаваць з 01.00 да 04.00.

 — Наша казачнае мястэчка з драўлянымі хаткамі, прыгожым дэкорам і калядным настроем традыцыйна размесціцца ў самым сэрцы горада — на Савецкай плошчы, — абяцаюць арганізатары ў Instagram.

Таксама, кажуць яны, на кірмашы можна будзе загадаць жаданне пад святочнай ёлкай, атрымаць асалоду ад смачных пачастункаў і калядных напояў на фудкорце, наведаць утульны бар з гарачымі кактэйлямі і глінтвейнам, набыць унікальныя падарункі на маркеце рамеснікаў. А яшчэ — адпачыць на гасцявой зоне са столікамі-бочкамі ды лаўкамі, знайсцi на кірмашы жывую ёлку. Можна правесці час на забаўляльнай лакацыі: цір, карусель, інтэрактыўныя атракцыёны і сюрпрызы з падарункамі. І, канешне, зрабіць здымкі сярод святочных упрыгожванняў і акунуцца ў калядны настрой з асаблівай музычнай атмасферай.

У мінулым годзе рэдкія госці кірмашу распавялі Hrodna.life, што хацелі знайсці на ім больш каляднага настрою. Не толькі шашлыкі і фаст-фуд, якія даступныя кожны дзень, але, напрыклад, гарачы шакалад або яблыкі ў карамелі. Іншыя адзначалі, што на кірмашы няма інтэрактыву — месцаў, дзе можна было б пагуляць, патанчыць, паўдзельнічаць у конкурсах і павесяліцца з сябрамі. У зоне шопінгу гродзенцы таксама хацелі б бачыць больш эксклюзіву: драўляныя цацкі, вінтажныя ёлачныя ўпрыгажэнні, дэкараваныя падсвечнікі і дызайнерскія паштоўкі.

Чытайце таксама: «Зімовы фэст» у Гродне. Нешта пайшло не так?

Савецкая ў выглядзе Палярнай зоркі

На вуліцах і плошчах Гродна ўсталёўваюць елкі і ўпрыгажэнні. Мерапрыемствы пачнуцца 9 снежня ў парку Жылібера з запальвання агнёў на дызайнерскай алеі ёлак «MagicLand». 15 снежня ў Цэнтры рамёстваў «Спадчына» пачне працаваць гарадскі маёнтак Дзеда Мароза, паведамляе «Гродно Плюс».

Сёлета ілюмінацыю на вуліцы Савецкай зробяць у выглядзе Палярнай зоркі. Для гэтага выкарыстоўваюць амаль 2000 новых святлодыёдаў.

10 ёлак на горад

Таксама да Новага года ў Гродне вырашылі ўсталяваць 10 навагодніх ёлак з гірляндамі ў розных раёнах горада. Для ўпрыгожвання горада выкарыстоўваюць каля 117 розных канструкцый, а агульная даўжыня ілюмінацыі складзе 30 км.

Чытайце таксама: Ёлка на Савецкай будзе «разумнай». Як Гродна ўпрыгожаць да Новага года