Connection Information

To perform the requested action, WordPress needs to access your web server. Please enter your FTP credentials to proceed. If you do not remember your credentials, you should contact your web host.

Connection Type

У Гродне можа з'явіцца спартыўны сквер і скейт-пляцоўка

На Левабярэжнай у Гродне плануюць зрабіць спартыўны парк са скейт-пляцоўкай. Пра гэта расказаў старшыня Гродзенскага гарвыканкама Андрэй Хмель.

Андрэй Хмель падзяліўся планамі добраўпарадкавання горада ў наступным годзе. У тым ліку расказаў і пра тое, што, магчыма, з’явіцца на Левабярэжнай вуліцы ў Гродне, перадае БЕЛТА.

«Пакуль у планах зрабіць там спартыўны сквер. Хутчэй за ўсё, з’явіцца пляцоўка для заняткаў скейтбардыстаў - яны ў горадзе ўсюды, а свайго месца для іх няма. З’явяцца спартыўныя пляцоўкі, воркаўт-пляцоўка, дзіцячая», — раскрыў планы старшыня Гродзенскага гарвыканкама.

Гродзенцы гавораць пра недахоп спартыўных пляцовак

Дарэчы, у горадзе назіраецца дэфіцыт спартыўных пляцовак для дарослых, адзначалі некаторыя гродзенцы. Так, тэму ўздымаў гродзенец Валерый у Threads. Ён звяртаў увагу, што ў Гродне дэмантавалі некаторыя турнікі вышэй за 4 метры, а спортпляцоўкі «зраўнялі з зямлёй».

«Са спартзалаў толькі трэнажорныя і больш ніякіх. Гімнастычныя, што ёсць — туды нельга, школьныя пляцоўкі насамрэч такія сабе. Нядзіўна, што людзі бухаюць. Тут проста нічога няма — і гэта сумна», — лічыць гродзенец.

Казаў ён і пра тое, што ў горадзе амаль няма пляцовак для заняткаў экстрэмальнымі відамі спорту. Скейт-парк у Каложскім парку нядрэнны, але маленькі — з рампамі па пояс.

«Гадоў 10 таму пад мостам каля Савецкай быў аграмадны скейт-парк з высокімі рампамі. Яго знеслі, таму што добрае месца для паркоўкі», — наракаў гродзенец.

Дзе раней тусілі гродзенскія скейтэры

Першая ў горадзе пляцоўка для скейтэраў і аматараў ровараў BMX з’явілася ў верасні 2014 года пад Старым мостам. Праіснавала яна крыху больш за год і закрылася. У 2016 годзе скейтэраў запрасілі на пляцоўку каля OldCity, але надоўга яны там не затрымаліся. Казалі, што далёка ад цэнтра і нязручныя горкі. Пасля аматары скейтбордаў і ровараў пачалі збірацца ў цэнтры горада.

Таксама скейтэры каталіся побач з драмтэатрам. У 2016 годзе, каб адвадзіць іх ад пляцоўкі, гранітныя парапеты абмазвалі салідолам.

У 2024 годзе невялікі скейт-парк размясцілі на пляцоўцы побач з Палацам творчасці дзяцей і моладзі ў Каложскім парку. Яшчэ ў 2020 годзе чыноўнікі планавалі арганізаваць такую пляцоўку каля Палаца творчасці дзяцей і моладзі, а побач з ёй тэрыторыю для воркаўта. У 2022 годзе ў Гродзенскім гарвыканкаме разглядалі ідэю стварэння скейт-парка на тэрыторыі школы № 8 на вуліцы Васілька.