Гродна 2023. Як рэпрэсіі змяняюць культуру і соцыум

Беларускія прапагандысты назвалі настаяцеля Барыса-Глебскай (Каложскай) царквы ў Гродне Аляксандра Балоннікава «калабарантам» за тое, што той наведаў святочную сустрэчу ў консульстве Польшчы. Кіраўніка яўрэйскай грамады Гродна Міхаіла Каржа яны распытвалі пра генацыд, а ксяндзоў - пра варожую палітыку Польшчы. Сюжэты паказалі ў навінах на СТБ, «Беларусь 1» і на «Гродна+» 6 снежня.

Што адбывалася ў консульстве Польшчы

Падчас традыцыйнай штогадовай каляднай сустрэчы ў консульстве, госці спявалі каляндыя песні і выказвалі калядныя пажаданні. Там прысутнічалі генеральны консул Польшчы ў Гродне Анджэй Рачкоўскі і часовы павераны ў справах Польшчы ў Беларусі Марцін Вайцяхоўскі. Імпрэза праходзіла 6 снежня, калі католікі адзначаюць успамін святога Мікалая.

“Калабаранты” і “сябры ворагаў”: прапагандысты ў Гродне накінуліся на настаяцеля Каложы, каталіцкіх ксяндзоў і кіраўніка яўрэйскай грамады
Імпрэза ў Польскім консультсве ў Гродне 6 снежня. Крыніца: Facebook.

Хто прымаў удзел у імпрэзе

На сустрэчу запрасілі мясцовых бізнесоўцаў, святароў каталіцкай і праваслаўнай цэркваў, ветэранаў Арміі Краёвай, дзеячоў культуры, а таксама кіраўнікоў арганізацый нацыянальных меншасцяў. Сярод апошніх на відэа патрапіў кіраўнік гродзенскага гарадскога яўрэйскага нацыянальнага аб’яднання Міхаіл Коржа.

Польшчу адкрыта назвалі ворагам, гасцей — «калабарантамі», а Армію Краёву — бандфармаваннем

«Як называецца чалавек, які спрабуе ўсядзець на двух крэслах? Карыстаецца дабротамі сваёй краіны і пры гэтым водзіць сяброўства з ворагам. Хітрун? А можа калабарант?» — сказала вядоўца навінаў на тэлеканале СТБ Юлія Алексяюк пра гасцей мерапрыемства.

«Незразумела, як у такой кампаніі [ксяндзоў і ветэранаў Арміі Краёвай — Hrodna.life] аказаліся праваслаўны святар або прадстаўнікі мясцовага бізнеса», — задаецца пытаннем Алексяюк.

Прапагандысткі, якія дзяжурылі пад консульствам і «лавілі» запрошаных гасцей, паспрабавалі пагаварыць з настаяцелем Барыса-Глебскай царквы Аляксандрам Балоннікавым. Ён не адказаў на пытанні і «віншаванні» прапагандыстаў і прайшоў міма.

З пытаннямі прапагандысткі накінуліся таксама на ветэранак Арміі Краёвай. Саму АК у сюжэце тэлеканала «Беларусь 1» называлі «бандфармаваннем».

Ці рады ветэраны Арміі Краёвай, што іх «ганарова прымаюць у консульстве»

Прапагандыстка Ксенія Лебедзева з тэлеканала «Беларусь 1» запыталася ў ветэранкі Арміі Краёвай Веранікі Себасцьяновіч, ці рада яна таму, што яе «ганарова прымаюць у консульстве» і прасіла, каб тая «хоць што небудзь» адказала. Але Себасцьяновіч проста прайшла міма. У другой ветэранкі Арміі Краёвай, якая перасоўваецца на вазку, Лебедзева спытала, як тая сабе адчувае, колькі ёй гадоў і ў якім яна званні.

“Калабаранты” і “сябры ворагаў”: прапагандысты ў Гродне накінуліся на настаяцеля Каложы, каталіцкіх ксяндзоў і кіраўніка яўрэйскай грамады
Ветэранка Арміі Краёвай. Скрыншот з відэа.

Кіраўнік яўрэйскага аб’яднання: «Пасол Польшчы абяцаў Гітлеру, што ў Польшчы знішчаць усіх яўрэяў»

Самым доўгім атрымаўся дыялог прапагандыстак з кіраўніком гродзенскага гарадскога яўрэйскага нацыянальнага аб’яднання Міхаілам Коржам. Лебедзева пачала з таго, што Еўропа нібыта адмаўляе генацыд у Беларусі падчас Другой сусветнай вайны і перапісвае гісторыю. У дзіўным дыялогу Корж адказаў, што ўся Еўропа кіруецца з ЗША, серыял «Слуга народа» напісалі таксама ў ЗША і гэта былі нібыта першыя крокі, каб Зяленскага паставіць кіраваць Украінай. Таксама ён распавёў, што нібыта ў 1938 годзе пасол Польшчы ў Германіі паабяцаў Гітлеру, што «будуць усе яўрэі ў Польшчы знішчаны».

“Калабаранты” і “сябры ворагаў”: прапагандысты ў Гродне накінуліся на настаяцеля Каложы, каталіцкіх ксяндзоў і кіраўніка яўрэйскай грамады
Міхаіл Корж. Скрыншот з відэа.

Журналістка тэлеканала СТБ выказала меркаванне, што раз Міхаіл Корж прыняў запрашэнне консула, значыць ён падтрымлівае «агрэсіўную» палітыку Польшчы ў адносінах да Беларус. Корж адказаў, што наадварот: не падтрымлівае, таму прыйшоў каб пагаварыць і выказаць сваё меркаванне.

Прапагандысткі чапляліся і да каталіцкіх святароў і манашак, але тыя былі больш стрыманыя ў размовах.