У Гродне пачалі рыхтаваць пляжы да летняга адпачынку. Супрацоўнікі аддзялення камунальнай гігіены Гродзенскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі накіруюць у Гродзенскую гарадскую жыллёва-камунальную гаспадарку заўвагі. У першую чаргу плануюць адрамантаваць малыя архітэктурныя формы, паведаміў «Гродна Плюс».

Центральный пляж Немане лето
Цэнтральны пляж на Нёмане

На возеры Юбілейнае плануюць абнавіць распранальні, на якіх аблупілася фарба, пачысціць душ, бо ён пакрыўся цвіллю, а таксама пачысціць фантан, які заіржавеў.

Таксама на пляжах плануюць адрамантаваць лавы і агароджы кантэйнерных пляцовак. Усе працы павінны скончыць да траўня 2023 года.

Дзе ў Гродне ёсць пляжы

На тэрыторыі горада ёсць чатыры абсталяваныя месцы, каб купацца і загараць: на Юбілейным возеры, Цэнтральны пляж, Вусікі і Ласосна. У верасні 2022 года стала вядома, што летам 2023 года ў Гродне могуць арганізаваць новыя пляжы. Спецыялісты планавалі абследаваць акваторыю каля мікрараёна на вуліцы Лідская і побач з Усходнім мостам.

Таксама спецыялісты планавалі павялічыць тэрыторыі зон адпачынку. Напрыклад, Цэнтральнага пляжа — удвая. Зараз яго працягласць 75 метраў, а плануюць — 150.

Чытайце таксама: Пакупацца і не атрымаць штраф: карта дазволеных пляжаў у Гродне і Гродзенскім раёне