Баржу замест моста вырашылі выкарыстоўваць, каб злучыць два берагі Нёмана ў ваколіцах базы адпачынку «Прывал» пад Гродна. Па задумцы баржа размесціцца ўздоўж берага з боку «Прывала». Пры патрэбе яна будзе паварочвацца па плыні - і ўтвараць дарогу на супрацьлеглы бераг. На ім збудуюць пірс даўжынёй 30 м. Праект заўважыў канал Urban Hrodna.

Баржа для пераправы з'явіцца на Нёмане замест новага моста
Схема арганізацыі пераправы праз Нёман з дапамогай баржы. Ілюстрацыя з тэндара на icetrade.by

Для пераправы спатрэбяцца:

  • баржа даўжынёй не менш за 50 м,
  • электралябёдка для баржы-пераправы,
  • трап для ўздыму і спуску на баржу,
  • пірс для ўздыму і спуску на баржу на процілеглым беразе ракі,
  • палі (апоры) для баржы-пераправы,
  • электразабеспячэнне ад існай электрашчытавой прыбярэжнай тэрыторыі «Прывала» даўжынёй не больш за 100 м.

Шырыня Нёмана ў гэтым месцы 77−80 м.

Зараз шукаюць распрацоўніка перадпраектнай дакументацыі. Перамовы з ім пройдуць 30 сакавіка. Замоўца перадпраектных прац — тытунёвая фабрыка «Нёман», уласнік базы адпачынку «Прывал».

Перад распрацоўкай праекта сярод іншага трэба будзе:

  • абследаваць тэрыторыю і правесці абмерныя працы з геадэзічнай здымкай мясцовасці,
  • пралічыць грашовую кампенсацыю за шкоду жывёльнаму свету,
  • пралічыць кампенсацыйныя мерапрыемствы за ўплыў на раслінны свет,
  • апісаць добраўпарадкаванне і азеляненне аб’екта,
  • правесці інжынерна-геалагічныя, інжынерна-гідралагічныя і інжынерна-геадэзічныя вышукі,
  • пры неабходнасці распрацаваць справаздачу аб уплыве на навакольнае асяроддзе (АУНА) і правесці грамадскія абмеркаванні,
  • распрацаваць тэхзаданне на закупку абсталявання,
  • прайсці дзяржэкспертызу.

На перадпраектныя працы адводзяць 3 месяцы. На распрацоўку перадпраектнай дакументацыі пойдзе 120 тыс. руб. з уласных сродкаў замоўцы.

Раней хацелі збудаваць мост

У 2019 г. ішла гаворка пра пабудову велапешеходнага моста праз Нёман паміж «Прывалам» і ўрочышчам «Пышкі». Яго хацелі зрабіць даўжынёй 190 м і шырынёй 4,75 м. Мост мусіў складацца з трох сталёвых пралётаў і чатырох апор. Пралёт над ракой мусіў быць 130 м, з дзвюма сталёвымі аркамі. Праект прайшоў дзяржэкспертызу. Яго збіраліся пачаць будаваць летам 2020 г., але праект заглух.

Мост, які павінен з'явіцца на Нёмане ля "Прывала".
Мост, які павінен з’явіцца на Нёмане ля «Прывала». Фота: region-grodno.by

Мастом маглі б карыстацца не толькі госці «Прывала», але і іншыя пешаходы і раварысты. А вось баржай — пакуль невядома.