У міліцыі вырашылі не прыцягваць да крымінальнай адказнасці карыстальніка, які назваў «інфаспецназаўку» Вольгу Бондараву «далбанутай» і «далба*ам» у адным з праўладных каналаў. Прычына — Бондарава не службовая асоба.

Спрэчка з абразамі здарылася ў «Чаце Прыдыбайлы». Яго адмініструе Канстанцін Прыдыбайла, супрацоўнік расійскага прапагандысцкага медыя Russia Today, які актыўна падтрымлівае беларускую ўладу і Аляксандра Лукашэнку. У дыялогу адзначылі таксама, што Бондарава «абражае цэлыя міністэрствы, людзей, журналістаў».

Актывістка з Гродна Вольга Бондарава запатрабавала завесці справу супраць яе крыўдзіцеля паводле арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады) Крымінальнага кодэкса, але атрымала адмову.

Ответ Ольге Бондаревой
Адмова ва ўзбуджэнні крымінальнай справы за абразу. Крыніца: Telegram-канал Вольгі Бондаравай

«У ходзе правядзення праверкі апытаная Бондарава паказала, што ў сапраўдны момант яна займаецца прадзяржаўнай дзейнасцю, накіраванай на выяўленне фактаў парушэння заканадаўства ў сетцы Інтэрнэт, пасля чаго адпаведную інфармацыю яна перадае ў кампетэнтныя органы. Таксама апошняя з гэтай мэтай адмініструе тэлеграм-каналы. Так, праглядаючы публікацыі ў тэлеграм-канале „Чат Прыдыбайлы“, яна ўбачыла, што невядомы карыстальнік, акаўнт якога ў цяперашні час выдалены, размясціў пост, у якім маюцца абразлівыя выказванні, у тым ліку ў дачыненні да яе. Пасля гэтага яна вырашыла звярнуцца ў міліцыю з заявай. Таксама падчас праверкі было ўстаноўлена, што Бондарава прадстаўніком улады не з’яўляецца», — сказана ў дакуменце.

Раней у такой сітуацыі карыстальніка маглі пакараць паводле арт. 189 (абраза) Крымінальнага кодэкса Беларусі. Але гэты артыкул з яго выключылі ў пачатку 2021 года.

«Даравала» маёру міліцыі

Бондарава апублікавала адмову ва ўзбуджэнні крымінальнай справы ў сваім канале. Яна напісала таксама, што «гатовая дараваць» старшаму оперупаўнаважанаму Маскоўскага РУУС Мінска маёру міліцыі Хуцкаму ў гонар Дня Канстытуцыі, але ён «адкрыў скрыню Пандоры».

Маўляў, зараз яму і ягоным калегам «давядзецца разграбаць наступствы неўрэгуляваных грамадзянскіх канфліктаў», да таго ж сваім рашэннем ён «зрабіў ласку бчбесам і неадэкватам».

Скардзілася нават на дэпутата

Вольга Бондарава — праўладная актывістка з Гродна, раней судзімая за кантрабанду цыгарэт у Польшчу. Называе сябе «інфаспецназаўкай». Актыўна змагаецца з усімі, хто выступаў супраць рэжыму, а таксама з кнігамі, мастакамі, гістарычнымі асобамі і нават монстрамі. З верасня 2022 — студэнтка педуніверсітэта па спецыяльнасці «Беларуская мова і літаратура».

У лютым 2023 года на актыўнасць Бондаравай паскардзіўся генеральнаму пракурору дэпутат Ігар Марзалюк. Бондарава абурылася яго выказваннямі, назваўшы іх" нацысцкім дном", і ў адказ таксама напісала зварот у пракуратуру.

Чытайце таксама: Актывістцы Бондаравай не спадабаўся факультатыў ад ЮНІСЕФ. Што ёй адказалі ў Міністэрстве адукацыі