У Гродне запланавалі бягучы рамонт фасада абласнога драмтэатра па вул. Маставая, 35. Рамонт пройдзе з 29 траўня па 12 ліпеня 2023 года. Тэатр і прылеглую пляцоўку на час работ не закрыюць для наведвальнікаў і турыстаў.

Дзяржзакупку праводзіць сам драмтэатр. Кошт — 434 424 рублёў. Паводле дэфектнага акту, у драмтэатра:

  • адсутнічаюць заладкі швоў у прымыканні плітак пяшчаніку адзін да аднаго;
  • разбураныя ахоўна-аддзелачныя пласты па фасадзе будынка;
  • фрагменты абліцавальных плітак адсталі і адкалоліся;
  • на паверхні плітак ёсць высолы, замшэласць, пацямненні і зялёная і шэрая цвіль;
  • фрагменты адліваў на выступаючых частках і дэкаратыўных элементах фасада дэфармаваліся;
  • ёсць дэфекты ў тынкоўцы аконных адхонаў у месцах прымыкання адліваў;
  • разбураныя лакафарбавыя пакрыцці лесвіц, дзвярэй і брамы.

Фасады ачысцяць ад старых аздобных слаёў. Швы заладзяць адмысловымі складамі. Паверхні адмыюць і афарбуюць у колер PALAZZO 240. Фасады апрацуюць гідрафабізуючымі складамі. Лесвіцы, дзверы і вароты пафарбуюць атмасфератрывалай фарбай колеру RAL 8002.

Тэатр на час рамонту не закрыюць. Будуць выкарыстоўваць тэхніку і спосабы вытворчасці, якія забяспечваюць бяспечны доступ да тэатра. Гэта аўтавышкі, рыштаванне, памосты да 4 метраў.

Чытайце таксама: «Падпольным займацца цікавей». Незалежны тэатр у Гродне памёр, рэпертуар дзяржаўнага збяднеў