Тэставыя балы за цэнтралізаваны экзамен, якімі былі незадаволеныя многія выпускнікі і іх бацькі, былі падлічаны правільна. Але паколькі Лукашэнка назваў методыку занадта складанай, яе вырашылі змяніць.

Міжведамасная камісія, стварэнне якой анансавалі ўвечары 30 траўня, да абеду 2 чэрвеня завяршыла праверку вынікаў першага цэнтралізаванага экзамену (ЦЭ). Яна паказала, што ў разліку выніковых тэставых балаў не было памылак, расказаў міністр адукацыі Беларусі Андрэй Іванец. Аднак, на аснове зваротаў ад бацькоў выпускнікоў стала ясна, што методыка занадта складаная. Раней яе за складанасць раскрытыкаваў і Аляксандр Лукашэнка. Ён даў даручэнне спрасціць методыку і зрабіць яе зразумелай для ўсіх.

У першай методыцы выніковыя балы залежалі ад таго, як на пытанні адказвалі іншыя, хто здаваў тэст, а значыць пералічыць вынік самастойна было немагчыма — ён разлічваўся зыходзячы з вынікаў астатніх. Пытанне, на якое давалі менш правільных адказаў, станавілася больш «каштоўным» для тых, хто адказаў на яго правільна.

Методыку спрасцілі, вынікі ўжо ёсць

Міністэрства адукацыі спрасціла методыку разліку, выкарыстоўваючы падыходы з рэпетыцыйнага тэставання. Вынікі першага ЦЭ — па беларускай і рускай мовах — ужо апублікаваныя ў асабістых кабінетах абітурыентаў на сайце РІКВ. Вынікі другога экзамену таксама будуць разлічаны па спрошчанай методыцы, падобнай да той, што выкарыстоўвалася раней. Яны будуць даступныя ў панядзелак, 5 чэрвеня.

Разам з вынікамі экзаменаў на сайце з’явяцца табліцы певоду першасных балаў у тэставыя. Так кожны абітурыент і выпускнік зможа праверыць правільнасць разліку сваіх вынікаў.

«Дзякуй, Лукашэнка…»

Радасныя выпускнікі 2 чэрвеня пачалі дзяліцца ў TikTok новымі вынікамі экзамену. «Было 73, стала 85», «79 замест 67», «прыйшоў вынік. У дачкі плюс 14 балаў-89» — пішуць карыстальнікі ў каментарах у сацсетцы. «З днём вялікай перамогі», «мы перамаглі», «справядлівасць перамагла» — пішуць яны. Некаторыя дзякуюць Лукашэнку за ўмяшанне.

@brakovskyaa #рекомендации #цэ ♬ оригинальный звук — brяka¿
@leryxss 👍🏽 #рикз #ура #рек #цэ ♬ оригинальный звук - Моё сердце тает.
@russuchitel #цэ2023 #результатыцэ ♬ оригинальный звук — Наталия

«Нам пералічылі!!! Было 71, стала 83. Дзякуй вялікі бацькам, якія дабіліся праўды!!!» — напісаў адзін з гродзенскіх выпускнікоў.

Што за скандал з ЦЭ ў Беларусі?

Сёлета ў Беларусі ўпершыню прайшоў цэнтралізаваны экзамен. Ён замяніў ранейшыя выпускныя школьныя экзамены і цэнтралізаванае тэставанне для паступлення ў ВНУ. Вынікі экзамену па беларускай і рускай мовах, якія былі аб’яўлены 29 мая, абурылі многіх выпускнікоў і іх бацькоў. У многіх відэа на TikTok яны сцвярджалі, што падлік ачкоў быў няправільным, а сістэма несправядлівая. Мінадукацыі спачатку адмаўляла наяўнасць памылак, але потым у справу ўмяшаўся Лукашэнка.

Каменем спатыкнення стала сістэма пераводу першасных балаў у тэставыя. Максімум першасных балаў па розных прадметах розны. Па беларускай і рускай мовах можна было атрымаць максімум 80 балаў, па матэматыцы і фізіцы — 50, па замежнай мове — 62. Потым гэтыя балы пераводзяцца ў 100-бальную шкалу.

«Матэматычная апрацоўка вядзецца такім чынам, што чым больш выпускнікоў правільна выканалі тое ці іншае заданне, тым меншую вагу яно мае пры пераводзе першасных балаў у тэставыя. Зразумела, што калі ў нас у тэсце заданні з 1-га па 4-ы ўзровень складанасці, то зразумела, што заданне 4-га ўзроўню складанасці не можа быць узважана пры пераводзе ў тэставы бал як задача 1-га ўзроўню складанасці», — тлумачыў прынцыпы разліку міністр адукацыі Андрэй Іванец.

Першапачаткова ён адмаўляў наяўнасць праблем, абвінавачваў незадаволеных у распаўсюдзе фэйкаў і нават палохаў іх адказнасцю. Але пасля ўмяшання Лукашэнкі Міністэрства адукацыі стварыла камісію для развязання пытання з ЦЭ. Тады ж міністр паабяцаў распрацаваць больш простую і прадказальную сістэму, якая будзе выклікаць менш эмоцый у выпускнікоў і іх бацькоў.