У Гродне па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса судзяць Сяргея Ціхага. Яго абвінавацілі ў распаўсюдзе службовай і дзяржаўнай таямніц. Верагодна, гэта былы начальнік аддзялення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі Гродзенскага РАУС.

Пасяджэнне па двух артыкулах КК пройдзе ў Гродзенскім абласным судзе 12 чэрвеня. Гэта арт. 375 ч.1 КК «Наўмыснае разгалашэнне службовай таямніцы» і арт. 373 ч. 2 КК «Наўмыснае разгалашэнне дзяржаўнай таямніцы». Суддзя — Аляксандр Козел. Абставіны справы невядомыя.

Дадзеныя Сяргея Ціхага супадаюць з дадзенымі начальніка аддзялення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі Гродзенскага РАУС Ціхага Сяргея Уладзіміравіча. Верагодна — былога.

У верасні 2022 года нейкі Сяргей Ціхі судзіўся ў грамадзянскім працэсе з УУС Гродзенскага аблвыканкама аб адмене загаду аб прымяненні дысцыплінарнага спагнання ў выглядзе звальнення, аднаўленні на службе і спагнанні грашовага забеспячэння за час вымушанага перапынку на службе.

Чалавек з такімі ж дадзенымі зарэгістраваны ў Адзіным дзяржаўным рэгістры юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў 4 студзеня 2023 года. Ён займаецца дзейнасцю па арганізацыі адпачынку і забаў.

Здзекаваўся з затрыманых?

У 2020-м годзе ён быў лепшым супрацоўнікам падраздзяленняў па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі.

Сяргей Ціхі трапіў в Telegram-канал «Доска позора Республики Беларусь». Там сцвярджалі, што ён «фабрыкуе справы паводле арт.328 КК», «здзекаваўся з затрыманых, прыкоўваў да батарэі».

Па сцвярджэнні канала, Ціхі нарадзіўся 29 кастрычніка 1993 года і скончыў юрыдычны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Чалавек з такімі дадзенымі сапраўды ёсць у спісе студэнтаў за 2014 год. Верагодна, ён выпусціўся ў 2015 годзе. Вывучаў «Крыніцы міжнароднага прыватнага права». Пазначылі таксама ВКонтакте хлопца, але яго старонка закрытая.

Хто новы начальнік аддзялення?

Сяргей Ціхі ўсё яшчэ пазначаны як начальнік аддзялення, але гэты раздзел сайта райвыканкама не абнаўляўся з 2019 года.

Па нумарах, пазначаных на сайце, заявілі, што Сяргей Уладзіміравіч «даўно тут не працуе», а новы начальнік — Долатаў Антон Паўлавіч.

Чытайце таксама: