На нарадзе 21 верасня Аляксандр Лукашэнка з міністрам адукацыі Андрэем Іванцом і паўсотняй іншых чыноўнікаў абмяркоўваў сітуацыю ў сферы адукацыі і пытанні размеркавання студэнтаў. Яго хваляваў ад’езд выпускнікоў за мяжу.

Усе студэнты-бюджэтнікі пасля заканчэння ВНУ абавязаны адпрацаваць два гады размеркавання, нагадаў Іванец. Для мэтавікоў гэта не менш за пяць гадоў, дагавор можа прадугледжваць і большы тэрмін. Цяпер ёсць выпадкі, калі выпускнікі пакрываюць дзяржаве кошт навучаньня, але яны адзінкавыя. Пры адмове ад размеркавання выпускнік БДУ, напрыклад, кампенсуе каля 40−45 тыс. рублёў.

«Сёння і бюджэтнік, і платнік, паводле нашага меркавання, павінен адпрацоўваць», — заявіў міністр адукацыі на нарадзе.

Лукашэнка лічыць, што трэба змагацца з ад’ездам выпускнікоў за мяжу і павялічваць тэрміны адпрацоўкі. «Што такое два гады — гэта, лічыце, мы яго навучалі ў ВНУ і яшчэ праз настаўніцтва, праз набываны вопыт два гады навучаем на працы», — заявіў ён. Дапамагчы могуць забаронныя меры, упэўнены ён. «Хоць бы паўзабаронныя: дапусцім, 5 гадоў. Правільна, мэтавік — не менш за 5 гадоў. А можа быць, яшчэ і арыентаваць дзесьці акуратна да 7 гадоў. У адваротным выпадку — не хадзі ў мэтавікі».

Лукашэнка прапанаваў ужо пачынаць «насельніцтва акуратна інфармаваць» пра тое, што тэрміны адпрацоўкі павялічваюць. «Мы рыхтуем для сябе спецыялістаў. Мы падрыхтавалі, даем табе першае працоўнае месца — ідзі і працуй. Вось туды трэба, мы цябе туды накіроўваем».

Кошт платнага навучання ў Беларусі ў сярэднім невялікі, упэўнены Лукашэнка. «Я параўноўваю з узроўнем аплаты там, на Захадзе. Там шалёныя грошы гэта каштуе. Таму добра, плацім столькі, добра — адпрацуйце».

«Сёння платнік пакрывае не больш чым 50−70% ад кошту свайго навучання. Фактычна ў рэспубліцы няма платнай вышэйшай адукацыі - гэта паўплатная адукацыя, якую субсідуе або ўніверсітэт, або дзяржава. Мы гэтую праблему бачым, яе нам неабходна вырашаць. Да гэтага ўжо прыступілі», — сказаў Андрэй Іванец.

А што са школай?

Таксама Лукашэнка закрануў школьную адукацыю. Ён заявіў, што «школа — храм», дзе павінны быць «жалезны парадак і дысцыпліна» ў адукацыйным працэсе і ў матэрыяльным плане, і прапанаваў «выхоўваць моладзь працай», каб да школы ў іх было адпаведнае стаўленне.

Ён прапанаваў не будаваць у новых мікрараёнах «школы-палацы», а арганізаваць падвоз дзяцей да «намоленых» школ у цэнтральных раёнах, дзе жыхары старыя і дзяцей мала. Зэканомленыя грошы ён прапануе выдаткаваць на зарплаты настаўнікаў.

Пры напісанні падручнікаў і ў сістэме ацэнкі ведаў трэба арыентавацца на вучняў, а не «думаць катэгорыямі вопытных выкладчыкаў і іншых спецыялістаў», лічыць ён. У школьнай праграме трэба вярнуцца да досведу савецкага часу і выкарыстоўваць і дапрацоўваць найлепшыя дапаможнікі, а не друкаваць новыя.

Чытайце таксама: