Цэх па абсмажванні зерняў арабікі адкрыецца ў Гродне. Буйныя партыі зялёнай кавы ўжо паступаюць з Бразіліі, Калумбіі і В’етнама. Абсмажваць яе будуць на пляцоўцы РУП «Беларуснафта-Гроднааблнафтапрадукт». Пакаштаваць гродзенскі блэнд кавы можна будзе не толькі на запраўках — фасаванае зерне можна будзе купіць і прыгатаваць напой дома, расказаў намеснік генеральнага дырэктара «Беларуснафты» Сяргей Каморнікаў парталу Neft.by.
Праект ужо стартаваў і ў планах «Гроднааблнафтапрадукт» — забяспечыць кававым зернем усе запраўкі «Беларуснафта» ў краіне — іх больш за 570. У 2023 годзе кліенты выпілі на іх больш за 13 млн кубкаў кавы.
«Сёння зерне набыта, вызначаны склад той сумесі, якая будзе, і яна пацвердзіла ўжо сваю прыдатнасць на нашых аўтазаправачных станцыях у выглядзе станоўчых водгукаў кліентаў, — расказаў у інтэрв'ю „Гродна Плюс“ дырэктар „Беларуснафта-Гроднааблнафтапрадукт“ Вадзім Худык. — Быў вызначаны гэты блэнд, і ён складаецца з зерняў з В’етнама — 40%, Бразіліі - 30%, Калумбія — 30%. Склад міксуецца».
Рэкорд па продажы кавы паставілі на Гродзеншчыне
У Гродне — даўняя кававая традыцыя
У Гродне ўжо быў свой брэнд кавы — Horodnia 1128. Яго ў 2016 годзе запускаў гродзенскі прадпрымальнік Вадзім Якута.
Але гісторыя кавы ў Гродне нашмат даўжэйшая. Першая кавярня працавала ў Гродне на сучаснай вуліцы Ажэшкі яшчэ ў 1780 годзе. Кававая культура развівалася ў Гродне і ў 20−30-я гады XX стагоддзя. Сучасны «кававы рэнесанс» пачаўся ў сярэдзіне 2010-х і працягваецца да гэтага часу.
Чытайце падрабязней: Гродна — беларуская сталіца кавы. 5 аргументаў «за» ад экспертаў