У Лідскім раёне абваліўся пралёт моста. Гэта адбылося 8 студзеня 2024 года падчас дэмантажу канструкцыі. У выніку пацярпелі два працоўныя, якія дэмантавалі мост, паведаміла МНС Беларусі.
![У Лідскім раёне абрынуўся мост на Нёмане: у раку звалілася тэхніка і чалавек](https://dzh7f5h27xx9q.cloudfront.net/wp-content/uploads/2024/01/Most-abrynu-sja-Njoman-800x451.webp)
Здарэнне адбылося ў 10:23 побач з вёскай Тосіна і аграгарадком Беліца. Абрынуўся пралёт закрытага моста праз раку Нёман. У рацэ апынуўся экскаватар з машыністам.
Ратаўнікі з дапамогай трохкаленнай лесвіцы транспартавалі двух пацярпелых і выцягнулі працоўнага з экскаватара, які зваліўся ў раку. Усіх пацярпелых шпіталізавалі ў Лідскую цэнтральную раённую бальніцу з траўмамі рознай ступені цяжкасці. Сярод іх чэрапна-мазгавыя, пераломы, пашкоджанні ўнутраных органаў і грудной клеткі. Двух чалавек шпіталізавалі ў аддзяленне рэанімацыі і інтэнсіўнай тэрапіі, трэцяму пацыенту праводзяць дадатковыя даследаванні. Зараз высвятляюць прычыну здарэння.
Што гэта за мост
Мост, які часткова абрынуўся ў Нёман, знаходзіцца на 78 км дарогі М-11/Е85 ад мяжы Літвы праз Ліду і Слонім да Быценя. Яго абвал не перашкодзіць руху транспарта, бо мост ужо закрыты. Побач у 2021−23 гадах пабудавалі новы мост, які адкрылі ў снежні 2023 года.
![У Лідскім раёне абрынуўся мост на Нёмане: у раку звалілася тэхніка і чалавек](https://dzh7f5h27xx9q.cloudfront.net/wp-content/uploads/2024/01/most-belica-neman-01-863c0018-800x398.webp)
Завершыць працы і дэмантаваць стары мост планавалі да кастрычніка 2024 года. Металічныя канструкцыі дэмантаванага моста прапанавалі адправіць на пераапрацоўку, а жалезабетон пасля драблення планавалі выкарыстаць пры падсыпцы дарог.