У Беларусі плануюць прыпыніць праект развіцця сеткі паштаматаў ад «Белпошта». Афіцыйная прычына — няма запатрабаванасці. Пры гэтым у суседняй Польшчы паштаматы — вельмі папулярны спосаб адпраўкі і атрымання пасылак.

«На ўнутраным рынку яны [паштаматы] не моцна запатрабаваныя. Мы разглядаем нейкае іншае вырашэнне, якое будзе прасцей. Гэты праект мы паставім на паўзу», — сказала гендырэктар «Белпошта» Святлана Юркевіч.

Пачаткова планавалася, што паштаматы дазволяць скараціць чэргі пры атрыманні пасылак з-за мяжы. Але зараз гэты паток значна знізіўся. Усяго ў месяц беларусам дастаўляюць каля 600 тыс. міжнародных пасылак — частка з іх сыходзіць у паштаматы.

«Белпошта» закрывае, прыватнікі - развіваюць

Паштаматы — аўтаматызаваныя пункты, праз якія можна адправіць альбо атрымаць пасылку, у тым ліку замовы з інтэрнэт-крамаў. Агулам па Беларусі «Белпошта» усталявала каля 40 паштаматаў. Першыя з’явіліся ў 2018 годзе — 11 у Мінску, па адным у абласных цэнтрах, а таксама ў Оршы, Лідзе, Барысаве і Бабруйску.

Акрамя «Белпошты», свае паштаматы ў Беларусі мае інтэрнэт-крама адзення Lamoda (22, з іх 18 у Мінску і па адным у абласных цэнтрах, у 2023 годзе), служба экспрэс-дастаўкі DPD (20, амаль усе ў Мінску і толькі адзін у Гродне ў ГЦ OldCity), расійскі маркетплэйс OZON (20 паштаматаў у 2023 годзе і ўсе ў Мінску). Сетку паштаматаў пад брэндам CityPost развівае фірма «Аўталайтэкспрэс»: яна ўсталявала па ўсёй Беларусі 89 паштаматаў (з іх восем — у Гродзенскай вобласці).

«Замест аптымізацыі і эфектыўнасці абіраюць супрацьлеглае»

«Вельмі шкада, што замест аптымізацыі і эфектыўнасці абіраюць супрацьлеглае», — напісаў на сваёй старонцы ў Facebook медыяэксперт Дзяніс Васількоў. Ён называе паштаматы вельмі зручным спосабам адпраўляць і атрымліваць тавары з інтэрнэт-крамаў. На яго думку, мадэль, якая дапамагае развівацца e-commers і рынку дастаўкі, не спрацавала ў Беларусі па віне самой «Белпошты».

«Афіцыйная прычына: скарацілася плынь міжнародных пасылак, якія туды накіроўвалі для зручнасці. Але гэта вельмі зручная пазіцыя — мы ставім на паўзу праект, у які ўкладзены сотні тысяч, кліенты вінаватыя, а не мы. А па факце гэта госы, ім не трэба нічога развіваць. Іх усё задавальняе. Таму што гэтыя рацыяналізатары ў Магілёве, напрыклад, паштамат паставілі проста ля будынка пошты. Здзіўляюцца потым, чаму ім не карыстаюцца», — піша Васількоў.

Чытайце таксама: Гродзенскі філіял «Белпошты» ўзначаліў палкоўнік КДБ

Колькі ў Гродне паштаматаў і дзе яны знаходзяцца

У Гродне тры паштаматы «Белпошта». Яны размяшчаюцца на вуліцы Карла Маркса, 29, на праспекце Янкі Купалы, 87, а таксама на вуліцы Дзяржынскага, 113А. Усе з іх размяшчаюцца каля аддзяленняў «Белпошта».

Колькі паштаматаў у суседзяў?

У суседнім Беластоку ўсталявана больш за 240 паштаматаў самых розных прыватных фірмаў. Агулам у Польшчы больш за 20 тысяч прыладаў. На гэтым рынку ў краіне вялікая канкурэнцыя. У Расіі сетка паштаматаў налічвае не менш за 15 тысяч, а ва Украіне — 5 тысяч.