У Лідзе сілавікі затрымалі пяць чалавек. Гродзенку Валерыю Латаш судзілі за атрыманне замежнай дапамогі. Бондарава судзіцца з гродзенскім сайтам — ёй давялося выправіць сваю пасаду і апраўдацца. Рэдакцыя Hrodna.life вывучыла, што адбылося ў вобласці c 22 па 28 красавіка.

Суды за экстрэмізм

Як мінімум 24 судовыя рашэнні аб распаўсюдзе судовых матэрыялаў стала вядома на мінулым тыдні. Судзілі маці ў дэкрэце, начальніка канструктарскага бюро, інжынера па ахове працы. Суды прайшлі ў Гродне, Лідзе, Свіслачы, Астраўцы, Навагрудку, Зэльве, Воранава.

У Ваўкавыску судзяць Івана Сауціна

Пасяджэнне па арт. 411 ч.2 КК «Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі» пройдзе 24 красавіка ў судзе Ваўкавыскага раёна. Суддзя — Мікалай Сяргейка, паведамляе Telegram-канал «Право имеют».

Гэта значыць, што Сауціну вынеслі прысуд і ён адбывае яго ў ваўкавыскай калоніі.

Сауцін — актывіст Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада). Яго затрымалі ў 2022 годзе ў Расіі, трымалі ў СІЗА, пасля адпусцілі. Мужчыну экстрадавалі ў Беларусь. Яму ставілі ў віну чатыры артыкулы КК. Па дадзеных dissidentby.com, яго прысудзілі да дзевяці гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Іван Суцін
Іван Сауцін. Фота: «Вясна»

Гродзенку Валерыю Латаш судзілі за атрыманне замежнай дапамогі

Пасяджэнне аб парушэнні Дэкрэта № 7 — Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 08.11.2021 № 7 прайшло ў судзе Кастрычніцкага раёна Гродна. Гродзенка абскардзіла яго ў Гродзенскім абласным судзе.

Гэта жонка палітвязня Міхаіла Юдзіна. 30 сакавіка 2021 года яго асудзілі на чатыры гады пазбаўлення волі паводле арт.364 КК «Гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі» на акцыі пратэсту 27 верасня 2020 года.

Новая экстрэмісцкая інфармацыя

  • Instagram-акаўнт «vikingmma» і яго лагатып,
  • TikTok-акаўнт «news.create» і лагатып,
  • TikTok-акаўнт «thisminsk» і лагатып.

Экстрэмісцкімі іх прызнаў суд Лідскага раёна 23 і 24 красавіка.

Затрыманні ў Лідзе

Сілавікі паведамілі пра затрыманне пяці лідчан 26 красавіка. Падрабязнасці пакуль невядомыя. Іх затрымалі на працоўных месцах і на вуліцы.

Бондарава судзіцца з гродзенскім сайтам — ёй прыйшлося выправіць свой допіс і апраўдацца

Пра тое, за што Вольга Бондарава судзілася з гродзенскім сайтам Grodno.in, яна напісала сама. Прычынай стаў чарговы допіс прарасійскай і праўладнай актывісткі. Пасля суду ён змяніўся.

Частка афармлення перадвыбарнай праграмы Бондаравай.
Частка афармлення перадвыбарнай праграмы Бондаравай. Крыніца: Telegram Бондаравай

Расіянін ехаў на цягніку праз Беларусь з «Палком Каліноўскага» ў тэлефоне. Ён трапіў у ІЧУ

Расіянін ехаў у цягніку праз беларускую станцыю Гудагай Астравецкага раёна. Верагодна, падчас мытнага агляду на выездзе з краіны каля 00.30 у яго ў тэлефоне знайшлі экстрэмісцкія спасылкі ў Telegram. Мужчыне давялося затрымацца ў Беларусі - яго змясцілі ў ізалятар.

У Гродне з Новага замка прыбралі мемарыяльную шыльду Касцюшкі

Драўляная мемарыяльная шыльда, прысвечаная побыту ў Гродне нацыянальнага героя Тадэвуша Касцюшкі, знікла са сцяны Новага замка. Шыльда размяшчалася злева ад цэнтральнага ўваходу ў Новы замак і была прысвечана падзеям паўстання 1794 года. Яна была ўсталяваная ў 1994 годзе. Са сцяны замка яе знялі ў сярэдзіне красавіка — тыдзень-паўтара таму.

Уваход у Новы замак да таго, як знялі шыльду, прысвечаную паўстанню Касцюшкі
Уваход у Новы замак да таго, як знялі шыльду, прысвечаную паўстанню Касцюшкі. Крыніца: Facebook Васіль Герасімчык

У Смаргоні судзяць былога палітвязня Рамуальда Улана

Былога палітвязня са Смаргоні Рамуальда Улана судзяць 23 красавіка ў судзе Смаргонскага раёна. Прычынай стала распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў (арт.19.11 КаАП). Пасяджэнне з’явілася ў раскладзе судовых пасяджэнняў.

Рамуальд Улан.
Рамуальд Улан. Фота: Facebook мужчыны

Электрамеханік з Гродна дэманстратыўна парваў бюлетэні на выбарах — яго судзілі

Электрамеханік з гродзенскага прадпрыемства Аляксандр Хлябіч у 11.00 у адзіны дзень галасавання 25 лютага дэманстратыўна парваў выдадзеныя яму тры бюлетэні. Ён зрабіў гэта на ўчастку для галасавання ў адной са школ Гродна пры членах камісіі, назіральніках, валанцёрах і выбаршчыках.

На журналіста Hrodna.life Руслана Кулевіча пісалі данос. Што яшчэ мы даведаліся з базы КДБ

Васіль Доста з Масквы напісаў данос на Руслана Кулевіча (тады — журналіста Hrodna.life). Прычынай стала лекцыя Руслана, дзе ён згадаў пра барацьбу з Чырвонай Арміяй у Гродне. Рэдакцыя Hrodna.life вывучыла базу даносаў, якую «злілі» «Кіберпартызаны». Паводле іх версіі, яны атрымалі доступ да 40 000 зваротаў на сайце КДБ за дзевяць гадоў.

Руслан Кулевіч.
Руслан Кулевіч. Фота Hrodna.life