За чатыры гады колькасць пасажыраў гродзенскага аэрапорта знізілася за 99% - з 10 000 да 100 пасажыраў у год. Страты кампаніі перавысілі 8,5 млн рублёў. Такія лічбы апублікаваў Telegram-канал BELPOL.

аэрапорт Гродна
Гродзенскі аэрапорт. Ілюстрацыйнае фота: minsknews.by

У 2020 годзе аэрапорт «Гродна» абслужыў каля 10 тыс. пасажыраў, у 2021 годзе колькасць пасажыраў зменшылася ў два разы — да 5 тыс. Але тады з Гродна яшчэ лёталі летнія чартары, напрыклад, у Егіпет. У 2022 і ў 2023 гадах пасажыраў стала нашмат менш — 150 і 100 адпаведна.

Сам аэрапорт амаль тры гады фактычна не эксплуатуюць па прызначэнні. У 2024 годзе адтуль не плануюць выконваць нават чартарныя рэйсы.

Колькасць персаналу аэрапорта за чатыры гады знізілася ў 1,5 разы. Страты кампаніі за гэты ж перыяд склалі 8,7 млн рублёў.

Чытайце таксама: Гродзенскі аэрапорт прастойвае: супрацоўнікаў адправілі дамоў на няпоўны аклад

Чыноўнікі кажуць пра кепскі стан узлётнай паласы

Паводле BELPOL, чыноўнікі дэпартамента па авіяцыі Міністэрства транспарту тлумачаць праблемы аэрапорта альбо наступствамі COVID-19, альбо не вельмі добрым станам узлётна-пасадачнай паласы.

Але гродзенскі аэрапорт мае дзейсны сертыфікат якасці аэрадрома і тэрмінала, а таксама магчымасць прымаць большасць тыпаў пасажырскіх і грузавых авіясуднаў.

Праблемы пачаліся ў 2021 годзе

Праблемы ў гродзенскага аэрапорта пачаліся ў 2021 года, пасля прымусовай пасадкі самалёта кампаніі Raynair у Мінску. Пасля гэтага інцыдэнта краіны Еўрасаюза спынілі авіязлучэнне з Беларуссю. Супраць «Белаэранавігацыі», філіял якой знаходзіцца ў аэрапорце, увялі санкцыі. А з сакавіка 2022 у заходнім напрамку перасталі лётаць і расійскія кампаніі, таму абслугоўваць «Белаэранавігацыі» няма каго.

З лютага 2024 года ў Гродне не засталося ўласнай авіякампаніі. Яе далучылі да «Белавія».

Чытайце таксама: Гродзенскі аэрапорт ажыве? Расавіяцыя шукае, каму было б цікава лятаць з Расіі ў Гродна