Побач з Новым замкам у Гродне плануюць добраўпарадкаваць аглядную пляцоўку. З яе гродзенцы назіраюць за заходам сонца, а турысты фатаграфуюцца на фоне Старога замка.

Каля Новага замка ўпарадкуюць стыхійную назіральную пляцоўку: больш не трэба будзе лазіць праз плот
Від на пляцоўку побач з Новым замкам, якую планую добраўпарадкаваць. Крыніца: «Яндекс.Карты»

Што за пляцоўка?

«Народная» пляцоўка размяшчаецца справа ад уваходнай брамы на тэрыторыю Новага замка. Яна вытаптана, а патрапіць на яе можна толькі калі пералезці агароджу, бо нармальнага праходу няма. Часцей за ўсё гродзенцы збіраюцца там, каб назіраць заход сонца ці проста пасядзець пад дрэвамі з кавай і прыгожым краявідам. Многія ў гэтым месцы фатаграфуюцца на фоне Старога замка.

Каля Новага замка ўпарадкуюць стыхійную назіральную пляцоўку: больш не трэба будзе лазіць праз плот
Фотаздымак Старога замка з аглядальнай пляцоўкі, якую плануюць добраўпарадкаваць. Фота з архіву Hrodna.life

Падрыхтуюць не толькі пляцоўку, але і ўвесь дворык Новага замка

Пост з фармулёўкай «месца вытаптана, можа пара добраўпарадкаваць» апублікаваў у сваім Telegram-канале дэпутат Гродзенскага гарадскога савета і дырэктар тэлеканала «Гродна Плюс» Сяргей Мазайла. Там жа ён паведаміў, што пытанне з акультурваннем пляцоўкі будзе вырашана. Больш за тое — ужо гатовы праект рэканструкцыі ўсяго дворыка Новага замка.

Дзе ў Гродне ёсць яшчэ назіральныя пляцоўкі

З 2018 года на вуліцы Дарвіна працуе аглядальная пляцоўка над Нёманам. З яе адкрываецца панарама на гістарычную частку Гродна, якую можна паглядзець праз бінокль. Гэтае месца адкрылі падчас Фестывалю нацыянальных культур у 2018 годзе. Побач — праз вуліцу Гарнавых — размяшчаецца стыхійная пляцоўка ля кавярні «Наше место».

Яшчэ адна аглядальная пляцоўка, вядома як «Крыша мира», размяшчаецца на даху ЦУМа на вуліцы Савецкай (былы гандлёвы дом «Нёман»). Яе адкрылі ў жніўні 2018 года. Таксама аглядальная пляцоўка ёсць побач з Каложскай царквой, а пасля першай чаргі рэканструкцыі Старога замка аглядальную пляцоўку адкрылі побач з уяздной вежай замка.