У TikTok з’явілася відэа жыхаркі Смаргонскага раёна, дзе яна паказала разліковы лісток. Пасля ўсіх утрыманняў яна атрымала каля 356 рублёў за месяц працы. Ролік сабраў амаль 900 тысяч праглядаў і сотні каментарыяў.

Мяркуючы па разліковым лістку, жанчына працуе апрацоўшчыцай птушкі ў цэху «Смаргонскай птушкафабрыкі». Гэта філіял ААТ «Лідахлебпрадукт», які знаходзіцца ў вёсцы Падбалоцці Сольскага сельсавета. Аўтарка роліка хацела паказаць, што «немагчыма пражыць на такі заробак, калі ў цябе дачка і трэба ўсё аплачваць».

«Заробак звычайны»

У каментарыях частка карыстальнікаў паспрабавала патлумачыць структуру налічэнняў і ўтрыманняў. «Вы ўсе ўбачылі “атрымана”? А аванс не лічым? Мяркуючы па пералічэнні ў банк, тут яшчэ і пагашэнне крэдыту. Што такое “мельница”? Таксама аплата 286 р. Калі ўважліва паглядзець разліковы лісток, то сума атрымання ў выніку зусім не тая», — напісаў адзін з каментатараў.

Іншыя ўдзельнікі дыскусіі ўдакладнілі, што «Мельница» — гэта крама, дзе жанчына, хутчэй за ўсё, нешта купляла ў лік заробку. Гэтая фірмовая крама «Лідахлебпрадукту» працуе ў вёсцы Падбалоцці. Таму суму ў 286 рублёў у яе і ўтрымалі.

«Налічана 1360. У многіх нашмат менш. У чым скарга?», — напісаў адзін з каментатараў. Іншы адзначыў, што 1360 рублёў «бруднымі» — гэта за 111 гадзін са 176. А выніковая сума за месяц атрымліваецца каля 2100.

«У мяне муж працуе ў лесе, за поўны месяц такі заробак, а аўтар скардзіцца. Ды яшчэ і дадому ўсяго нацягае», — напісала адна з каментатарак.

«Уважліва глядзім у разліковы, заробак звычайны. Гадзін мала адпрацавана, утрыманняў шмат асабістых работніка», — напісаў яшчэ нехта.

«Немагчыма пражыць на такі заробак». Работніца «Лідахлебпрадукту» выклікала спрэчкі разліковым лістком
Разліковы лісток, які выклала жанчына. Фота: скрын з відэа

Спрэчка пра заробкі ў розных сферах

Тэма хутка перайшла ў абмеркаванне даходаў у іншых сферах.

«Успомнілася, як пару дзён таму настаўнік скардзіўся на нізкі заробак. Пара пытанняў ад мяне, і аказалася, што працуе ён па пару гадзін у дзень, нідзе не ўдзельнічае, нічога больш не праводзіць. А пытанні задавала, бо ёсць пара калег такіх жа: занятыя ў тыдзень 2 дні па паўдня, і гучней за ўсіх ныюць, што атрымліваюць менш за астатніх, “забыўшыся”, што астатнія працуюць нашмат больш», — напісала адна з карыстальніц.

«Нашмат больш — гэта кілаграмы непатрэбных справаздач, гэта хаджэнне па неблаганадзейных сем’ях і зазіранні ў халадзільнікі — і гэтыя таксама ныюць, бо за гэта не плацяць. Так што ныюць усе (і ты таксама), толькі пра гэта не пішаш», — адказаў адзін з каментатараў.

«Згодны! Настаўнік з нагрузкай і ўдзелам зарабляе часам не моцна менш за дырэктара», — адзначыў іншы карыстальнік.

«700 рублёў — гэта рэальнасць»

Абмеркаванне працягнулася і больш агульнымі ацэнкамі заробкаў у краіне.

«У 2026 годзе для Беларусі заробак ніжэй за 2000 непрымальны з улікам цэн!» — напісаў адзін з каментатараў.

«У мяне 1500, праца суткамі ў хірургіі, медсястрой. Дзе б мне 2000 заплацілі, я б пайшла», — падзялілася карыстальніца.

«Людзі за 700 шмат працуюць», — адзначыў каментатар.

Ахвяруй 1,5% ад падаткаў у Польшчы