У Слоніме на адной з цэнтральных вуліц побач з жылымі дамамі незаконна вырубілі шэсць дрэў. За гэта арганізацыі прыйдзецца адшкадаваць страты — іх ацанілі ў 3105 рублёў.
Парушэнне выявілі ў сакавіку супрацоўнікі Слонімскай гарадской і раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Паводле іх звестак, работы правяла адна з мясцовых кампаній у пачатку месяца. Яна не мела на гэта неабходных дазволаў і дакументаў, паведамляе «Слонімскі веснік». Назва фірмы не ўдакладняецца.
Сярод спілаваных дрэваў — дзве вярбы, ліпа і тры бярозы. Некаторыя з іх былі даволі буйнымі, з дыяметрам ствала да 57 сантыметраў.
У інспекцыі падкрэслілі, што такія дзеянні наносяць шкоду навакольнаму асяроддзю і гарадскому азеляненню. Выдаленне дрэў без узгаднення парушае заканадаўства.
Спецыялісты нагадваюць: перад правядзеннем любых работ з зялёнымі насаджэннямі неабходна атрымаць дазвол. Калі рабіць гэта без узгаднення з мясцовымі ўладамі і прыродаахоўнымі арганізацыямі — прадугледжана адказнасць і абавязковае пакрыццё шкоды.
За спілоўванне або пашкоджанне дрэў, кустоў і іншай расліннасці без дазволу ў Беларусі надыходзіць адказнасць па артыкуле 16.17 КаАП. Незаконнае выдаленне або перасадка дрэў і кустоў у населеных пунктах, а таксама іх пашкоджанне або знішчэнне, як і псаванне кветнікаў і газонаў, караюцца штрафам да 30 базавых велічынь для фізічных асоб, ад 10 до 200 базавых — для індывідуальных прадпрымальнікаў і ад 20 да 300 базавых — для юрыдычных асоб.




