Гродзенцы скардзяцца на смецце ў парку мікрараёна Альшанка. Напярэдадні Вялікадня апроч старых бутэлек, пакетаў і паламаных галінак мясцовыя знайшлі атрыбуты, якія невядомыя маглі выкарыстоўваць для сатанінскага рытуалу, піша «Гродзенская праўда».
Мясцовыя расказваюць, што праблема са смеццем у парку доўжыцца не першы год. Улетку прыязджае грузавая машына, але смецце вывозяць толькі з першай паляны – у глыб парку не заязджае. Таму калі гродзенка Людміла ідзе ў парк, то бярэ з сабой пакет — прыбірае паперкі, бутэлькі і іншае смецце.
– Дамоў шмат, жыхароў таксама. Не ва ўсіх ёсць дачы ці загарадныя дамы, а пасядзець на прыродзе шмат хто хоча. Шкада толькі, што пасля такога адпачынку прыбірацца хочуць далёка не ўсе. Увесну людзей у зялёнай зоне стала яшчэ больш і смецця, адпаведна, таксама, – кажа яна.
Напярэдадні Вялікадня гродзенцы знайшлі ў парку не толькі смецце, але і набор прадметаў: бутэльку віна, кавалак мяса, хлеб і грошы. Мясцовыя выказалі здагадку, што гэта – атрыбуты сатанінскага абраду. Пятніца – дзень распяцця Хрыста, грошы – напамін пра здраду Іуды, віно – асацыяцыя з крывёй.
Невядома, хто і з якой мэтай пакінуў гэтыя прадметы. Але гродзенцаў знаходка ўсхвалявала.

Міліцыя Гродна: фіксуйце парушэнні і пішыце ў чат-бот МУС
Супрацоўнікі міліцыі рэгулярна патрулююць парк і тэрыторыю побач, заявілі ва УУС Гродзенскага аблвыканкама. Мясцовым жыхарам рэкамендуюць фіксаваць факты парушэння на камеру і адпраўляць матэрыялы з геалакацыяй у чат-бот МУС “Мы заўсёды побач!”.
Таксама ў 2026 годзе ў парку хочуць устанавіць фотапасткі — так плануюць лавіць парушальнікаў, якія пакідаюць пасля сябе смецце.
«Зелянбуду» не хапае супрацоўнікаў на ўборку ўсіх тэрыторый
За чысціню на тэрыторыі парка таксама адказвае «Зелянбуд». Супрацоўнікі прыбіраюць парк адзін раз на два тыдні. На паўтары тысячы гектараў лесу ў горадзе – усяго шэсць леснікоў.
— А гэты лясок займае прыкладна паўтара ці два гектара, — кажа начальнік участка лясной гаспадаркі Андрэй Лубін.
Таксама ў «Зелянбудзе» адзначылі, што тыдзень таму гродзенцу выдалі ордэр на нарыхтоўку драўніны ў парку. Гэта значыць, што гараджанін павінен прыбраць сухія галінкі і небяспечныя дрэвы – на гэта ў яго ёсць месяц.
— Калі чалавек сам нарыхтоўвае драўніну, ён прыходзіць, плаціць за яе і мае права забраць сухастой сабе на дровы, — дадае Лубін.
Чытайце таксама: Гродзенская фірма забруджвала лес – у судзе яна спрабавала схітраваць з пробамі




