На вуліцы Міцкевіча знеслі аднапавярховы дом 1915 года пабудовы. Ён знаходзіўся па суседстве з драўляным будынкам на рагу вуліц Міцкевіча і Філарэта – гэты дом таксама прыбралі для будаўніцтва новага гатэля.

“Яшчэ адзін дом адрэстаўраваны”, – напісаў карыстальнік у Threads і прымацаваў здымкі разбуранага дома на вуліцы Міцкевіча.

У Гродне «адрэстаўравалі» яшчэ адзін дом — знеслі яго
Знос драўлянага дома па вул. Міцкевіча. Фота: Threads

Тое, што дом зменіцца, было вядома загадзя. Будынак трапіў у праект будучага гатэля па вул. Міцкевіча, 1 – згодна з ім, аднапавярховы дом планавалі перарабіць. У выніку яго знеслі.

Што за гатэль?

Гасцініцу ўзводзяць на рагу вуліц Міцкевіча і Філарэта. На першым паверсе хочуць размясціць вестыбюль гатэля, рэстаран і кафэ. Другі і трэці паверхі аддадуць пад гасцінічныя нумары і апартаменты, а ў падвале плануюць уладкаваць дапаможныя памяшканні для грамадскага харчавання. Заказчык работ – гандлёвы дом «Шакотис».

Знесеныя дамы размешчаны ў водаахоўнай зоне ракі Юрысдыка і ў зоне аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці “Гістарычны цэнтр Гродна”. Таму рэалізоўваць праект павінны былі з улікам комплекснага навуковага даследавання ад ТАА «Навукова-праектны цэнтр «РЕСТАБИЛИС». Усе земляныя і будаўнічыя працы патрабавалі строгага археалагічнага нагляду.

У Гродне паступова зносяць гістарычную забудову

Разбураныя дамы па вуліцы Міцкевіча – не адзіныя, якія не ацалелі падчас рэканструкцый. Толькі за 2026 год у Гродне дэмантавалі як мінімум чатыры будынкі.

У траўні 2026 стала вядома аб зносе драўлянага дома міжваеннага перыяду на Чкалава, 13. Будынак быў пабудаваны ў 1930-х гадах і лічыўся прыкладам драўлянага канструктывізму. Дом уваходзіў у ансамбль так званай «Настаўніцкай калоніі» – унікальнага для Беларусі комплексу драўлянай забудовы.

А двума месяцамі раней – у сакавіку 2026, знеслі яшчэ адзін драўляны дом міжваеннага перыяду ў гэтым жа раёне – будынку па вуліцы Асіпенкі, 3. Дом, пабудаваны ў 1930-я гады ў стылі функцыяналізму і драўлянага канструктывізму, таксама ўваходзіў у комплекс «Настаўніцкай калоніі».

Яшчэ два гродзенскія будынкі разабралі на цэглу. Гэта здарылася з дамамі на вул. Будзённага, 52 і на Васілька, 5. Абедзве рэканструкцыі вядзе бюро «Интелсток Инжиниринг» — кампанія сцвярджае, што пасля старую цэглу будуць выкарыстоўваць пры рэканструкцыі фасадаў.

«Ніякая гэта не рэканструкцыя, а проста знішчэнне і навадзел», — выказваюцца аб праектах аўтары Telegram-канала “Спадчына”.

Чытайце таксама: Дом з вялікімі тэрасамі і 19-павярховая «свечка». Як забудоўваецца новы мікрараён Вясенні ў Гродне

Денис Мисюля