Камунальныя службы аднаўляюць Гродна пасля пашкоджанняў, якія прынёс суботні лівень. Асноўныя работы вядуцца ў Швейцарскай даліне, асобных вуліцах Ленінскага раёна і мікрараёне Забалаць.

Швейцарская даліна: лівень размыў кладку

Патокі вады размылі дарожкі і берагі ў Швейцарскай даліне. Ужо ў нядзелю супрацоўнікі камунальных службаў заняліся аднаўленнем: прыбралі зламаныя галінкі, ачысцілі дарожкі і прывялі ў парадак прыбярэжную зону.

Ленінскі раён: размытая дарога заблакавала рух у прыватным сектары

Вада размыла дарогу каля дамоў па вуліцах Нёманская і Падперасёлка – з-за гэтага абмежаваўся рух транспарту. Жыхары звярнуліся да ўладаў па дапамогу.

Кіраўнік Гродзенскага гарвыканкама Андрэй Хмель пацвердзіў,што прыватны сектар пацярпеў мацней за ўсё. Дарогу плануюць аднавіць, а каб у далейшым пазбегнуць такіх праблем, прыцягнуць праекціроўшчыкаў.

У Гродне працягваюць змагацца з наступствамі залевы: прыватны сектар пацярпеў мацней за ўсё
Рамонт дарогі па вуліцы Падперасёлка. Фота: Telegram-канал Гродзенскага гарвыканкама

Мікрараён Забалаць: вада затапіла вуліцы

У прыватным сектары Забалаці вада затапіла некаторыя вуліцы, двары і размыла дарогі. Раніцай панядзелка супрацоўнікі камунальных службаў заняліся выраўноўваннем пашкоджаных участкаў дарогі.


За мінулыя выхадныя ў службу МНС паступіла больш за 250 званкоў. Супрацоўнікі службы выязджалі на месцы больш за 70 разоў – ліквідавалі наступствы, дапамагалі адпампоўваць ваду і распілоўвалі аварыйныя дрэвы.

Цяпер МНС маніторыць абстаноўку па аднаўленні інфраструктуры горада. Для ліквідацыі наступстваў задзейнічана больш за 50 адзінак тэхнікі.

Чытайце таксама: Ліўнёўкі, складаны рэльеф і татальны асфальт: тры прычыны, чаму Гродна рэгулярна затаплівае