Ад’езд гродзенскай сям'і Енджэеўскіх не быў ані запланаваным, ані жаданым. З сабой Кацярына Еўдакімава-Енджэеўская забрала валізку фарбаў для дзіцячых цацак, якія яна рабіла з дрэва ў Гродне. На іх паспела вырасці пакаленне дзетак, расказала Кацярына для «Радыё Свабода». Майстрыца змагла перавезці сваю справу ў іншую краіну. На зборы было два тыдні.

Муж Кацярыны, Аляксандр Енджэеўскі - вядоўца мерапрыемстваў, займаўся індывідуальнымі і групавымі трэнінгамі, медыятар, актор. У 2021 годзе яму прапанавалі звольніцца з Гродзенскага тэатра лялек па ўласным жаданні. У траўні 2023 года яго затрымалі па звыклым зараз для беларусаў артыкуле — за распаўсюд і захоўванне «экстрэмісцкіх» матэрыялаў. Пасля гэтага сям’я адчувала сябе небяспечна ў Беларусі: яны заўважалі, што за імі сочаць «ціхары». Зараз трэба адбудоўваць свой беларускі бізнес у Польшчы.

Два тыдні на зборы

На зборы сышло два тыдні. За гэты час зрабілі візы, прадалі абсталяванне майстэрні і сыравіну, скасавалі арэнду майстэрні на мансардзе ў цэнтры гораду, павырашалі неабходныя юрыдычныя пытанні.

Станкі з майстэрні праз мяжу перавозіць нельга. Каб укласціся ў тэрмін да ад’езду, Енджэеўскія паставілі на іх кошт удвая меншы, чым на новыя, і прадавалі танней, чым зараз прадаюць ужываныя. Прадалі лобзік, два шліфавальныя станкі, свідравальны станок, гравэр, дрыль, шрубакрут, некалькі набораў свердзелаў, некалькі набораў насадак для гравэраў і шмат іншых інструментаў. Калі прадавала стужачную пілу, Кацярына не стрымалася і плакала, як па жывой. Агульны прыбытак з продажаў не лічылі - Кацярына кажа, так было маральна лягчэй. Майстэрня, начынне якой распрадавалі, працавала амаль шэсць гадоў. «Пакаленне дзяцей вырасла на маіх цацках», — кажа Кацярына.

Кацярына Еўдакімава-Енджэеўская
Кацярына і яе цацкі. Фота: «Радыё Свабода»

Зрабілі распродаж і цацак. Многія кліенты здагадаліся, што сям’я рыхтуецца да ад’езду. Замоваў было столькі, што рыхтаваць іх дапамагалі сябры.

З сабой Кацярына забрала гіпаалергенныя фарбы на вадзяной аснове. Яны пасуюць для дзіцячых цацак — іх можна аблізваць і грызці. Самі фарбы і іх спалучэнні падбіраліся гадамі. Кацярына змагла вывезці каля 15 слоікаў, кожны — коштам у сярэднім $ 30.

Пацвердзіць рамесніцтва не змаглі

Да гэтага году сужэнцы былі рамеснікамі. Пацвердзіць рамесніцтва паводле новых правілаў да 1 ліпеня не атрымалася: адказныя чыноўнікі спачатку нічога не маглі патлумачыць, пасля запатрабавалі дакументы з тэхналагічным працэсам і раздрукаваныя фотаздымкі. Кацярына не захацела перадаваць гэтыя звесткі ў чужыя рукі. Таксама чыноўнікаў не задавальняла, што рамеснікі выкарыстоўваюць пры працы з дрэвам абсталяванне. Адмысловая праграма, праз якую трэба было прабіваць квітанцыі пры продажах і плаціць падаткі паводле новаўвядзення, працавала некарэктна. У выніку сям’я вырашыла не марнаваць час і сілы.

Наноў - у Польшчы

Акрамя фарбаў, у польскі Беласток сям’я змагла забраць пэндзлі, алоўкі, драўляныя загатоўкі, гатовыя цацкі.

«Мы прывезлі сюды розум, гонар, сумленне, свае таленты і свой досвед. Той, хто ўмеў нешта рабіць, ён і ў іншай краіне на каленцы зробіць», — перакананая майстрыца.

Паняцця рамесніка ў Польшчы не існуе. Але дазволена займацца незарэгістраванай дзейнасцю, калі прыбытак ад яе не перавышае $ 650 на месяц. Іначай трэба рэгістраваць ІП.

Кацярына хацела б пайсці ў падатковую і высветліць усе дэталі, але пакуль яе веды польскай мовы недастатковыя. Тым не менш, ужо зараз яна можа браць удзел у польскіх кірмашах рэчаў ручнога вырабу. Для гэтага патрэбна заяўка да арганізатараў. У Польшчы мастачка ўжо прадавала свае цацкі. Да яе звярталіся пастаянныя кліенты, прасілі адправіць цацкі ў Беларусь і ў іншыя еўрапейскія краіны.

драўляныя цацкі
У Польшчы Кацярына працягвае справу. Фота: «Радыё Свабода»

Некаторыя кліенты пісалі, што забіралі яе цацкі з сабой у эміграцыю. А адна кліентка, якая купляла шмат цацак у інтэр'ер, паабяцала выкінуць усе і заявіла, што такім здраднікам [як Енджэеўскія] не месца ў краіне.

Чатыры «о», бо тры — занятыя

У Беларусі брэнд называўся «Любо-дорого». У новых умовах перакласці назву і захаваць сэнс не атрымалася. Новая назва майстэрні - GoooodWood (чатыры «о» запар, бо назвы з дзвюма і трыма «о» ўжо існавалі).

Пакуль не зразумела, ці пойдзе справа ў Польшчы. Арэнда майстэрні і купля станкоў - вялікія выдаткі, пра якія пакуль няма гаворкі. Пакуль Кацярына працуе ў майстэрнях знаёмых, а дома выконвае няшумныя працы: шліфуе, фарбуе.

«У будаўнічых крамах я не падыходзіла і не глядзела цэны на станкі. Бо я развіталася са сваімі „дзяўчаткамі“ і „хлопчыкамі“ там. Я ведаю, што яны мне яшчэ доўга не свецяць тут… Ад мяне адрэзалі вялізны кавалак і выкінулі як смецце. Я не рабіла нічога кепскага, я рабіла якасны прадукт», — кажа Кацярына.

Кацярына Еўдакімава-Енджэеўская
Кацярына Еўдакімава-Енджэеўская. Фота: «Радыё Свабода»

І ўсё ж яна марыць пра сваю майстэрню і новую стужкавую пілу. «Чалавек сам сябе лепіць. Мы самі творцы свайго лёсу», — перакананая майстрыца.

Чытайце таксама: