Ацяпленне ў жылых дамах Гродна пачалі ўключаць 9 кастрычніка, але ў некаторых кватэрах пяціпавярхоўкі па вуліцы Гая, 7 батарэі заставаліся халоднымі больш за месяц. Гарачая вада не паступала спачатку з-за засора труб. Пасля не атрымлівалася адкруціць вентыль, схаваны ў адной з кладовак.
Жыхарка чацвёртага паверха дома скардзілася на холад, асабліва раніцай. «У залу і на кухню немагчыма зайсці, такі холад. Ну, я чалавек ужо стары, таму мне наогул вельмі цяжка», – распавядала пенсіянерка.
Яе суседка дадавала, што холад надыходзіць ужо з вечара, калі тэмпература на вуліцы падае. “Калі былі замаразкі, атрымліваецца, як быццам я на вуліцу выйшла”.
У ЖЭС і 115.бел. звярталіся штодня
Каб разабрацца з ацяпленнем, жыхары дома пачалі тэлефанаваць у ЖЭС і звяртацца ў 115. бел — жыхаркі сцвярджаюць, што звароты былі штодзённымі.
«Цэлы месяц куды мы ні тэлефануем, нам не даюць адказу, а ўжо зіма на носе», – дзялілася яшчэ адна жанчына.
Суседкі пачалі самастойна спускацца ў падвал дома – правяралі, ці вядзецца праца па рамонце труб. Змен не заўважылі: труба ў цеплапункце па-ранейшаму цякла, леташні засор у каналізацыі не ліквідавалі.
«Мы просім прыбраць і нам нешта апрацаваць – і дохлых пацукоў, і ўсё. Уявіце, я жыву на першым паверсе і які смурод ідзе мне ў кватэру. Смярдзіць так, што проста жыць немагчыма», – дзялілася жанчына.
Чаму праблему не ўдалося вырашыць адразу?
Сантэхнікі ўсё ж спусціліся ў падвал. Вывучыўшы сітуацыю з трубамі яны патлумачылі жыхаркам, што патрэбна замена вентыля на стаяку. Для гэтага трэба абследаваць усе асабістыя ячэйкі, каб зразумець, дзе менавіта знаходзіцца клапан.
«Стаякі ацяплення зачыненыя ў асабістых ячэйках, у кладоўках – доступ да іх быў абмежаваны. Пасля таго як знайшлі жыхара і дамовіліся, каб ён даў доступ, атрымалася так, што была неабходна замена вентыля на стыку», — тлумачыў Міхаіл Раманчук, начальнік аддзела інжынернага абсталявання УЖРЭП Кастрычніцкага раёна Гродна.
Пасля сантэхнікі «разпаветрылі» трубы, гэта значыць выдалілі адтуль паветра, – у стаяку з’явілася гарачая вада. У кватэрах пацяплела.
Чытайце таксама: Гродзенка два тыдні дабівалася замены трубы на кухні: спрачаліся, хто павінен купіць матэрыял – яна ці ЖКГ





